Навіны

Абыйшліся лёгкім сполахам

За крадзёж у Дэпартаменце аховы МУС
Злева Валянціна Кучынская. Справа Інэса Зыль. Фота з сацсеткі «Аднакласнікі»
Як паведамляе драгічынская дзяржаўная раёная газета, у Драгічыне адбыўся суд над дзвюмя бухгалтаркамі. Адна працавала на пасадзе галоўнай бухгалтаркі нейкай установы, другая проста бухгалтаркай. Іх абвінавацілі і пакаралі за крадзёж у асабліва буйным памеры групай асоб, якія злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі на працягу 9 гадоў (з 2013 па 2022 год). Былі скрадзены грошы, тавары і сертыфікаты на суму звыш 256 тысяч рублёў. Жанчын судзілі па ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэксу.

Раёнка не назвала імёны і ўстанову, дзе адбылася гэтая гісторыя. Але, па нашых дадзеных, у 2024 годзе ў Драгічыне па такому артыкулу адбыўся толькі адзін суд, і ў ім фігуравалі Інэса Зыль (51 год) і Валянціна Кучынская (59 гадоў). Як можна пабачыць з райнешых артыкулаў той жа раёнкі, Інэса Зыль у 2017 годзе працавала галоўнай бухгалтаркай у Драгічынскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС. Выходзіць, крадзёж адбываўся менавіта ў гэтай установе.

Зыль і Кучынскую асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады. Таксама жанчынам далі штрафы ў 400 і 300 базавых адпаведна. Дадаткова кожную пазбавілі на 5 гадоў права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Абвінавачаныя нанесеную шкоду кампенсавалі цалкам яшчэ да абвяшчэння прысуду.

Па словах юрыста-праваабаронцы Алега Мацкевіча, усё нібыта законна. Але прысуд мінімальны, калі параўнаць, што «палітычныя» за лайкі-каментары, бел-чырвона-белыя колеры атрымліваюць па 3-5 гады. Да таго ж варта звярнуць увагу, як працуе ў Беларусі адтэрміноўка адбыцця пакарання: калі за тры гады асуджаныя не здзейсняць новага злачынства, і калі ворганы палічаць што жанчыны «вядуць законапаслухмяны вобраз жыцця», то суд вызваляе іх ад адбыцця пакарання. То бок жанчыны, хутчэй за ўсё, толькі сплоцяць штраф, але не трапяць у калонію. Думаецца, што на досыць мяккі прысуд паўдзейнічала былое месца працы асуджаных. Якое, дарэчы, у медыя не афішуецца. Паводле Алега Мацкевіча, гэта таксама паблажка для «сваіх», каб не пэцкаць мундзір.

І яшчэ адно цікавае пытанне: як не бачыла кіраўніцтва Дэпартамента ў Драгічыне і адпаведныя службы Драгічынскай міліцыі, якія знаходзяць аўтараў (на іх думку) варожых лайкаў у інтэрнэце яшчэ за 2017 год, што 9 гадоў у іх пад носам адбываецца крадзёж у буйным памеры.

Тым больш, калі усе фінансавыя дакументы праходзілі праз рукі кіраўнікоў аддзялення Дэпартамента? Як праходзілі фінансавыя праверкі з вобласці? А яны павінны былі праходзіць за 9 гадоў не адзін раз, як сказаў былы супрацоўнік Драгічынскага РАУС. І галоўнае, што ніхто з кіраўніцтва не панёс ніякага пакарання, загадка.
Made on
Tilda