3 кастрычніка сябры партый «Народная Грамада» і БХД зладзілі пікет на плошчы Пілсудскага ў Варшаве, дзе насупраць праходзіла ў гэты дзень чарговая сесія АБСЕ.
Мэта мерапрыемства — прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці і ўдзельнікаў чарговай сесіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), да праблемы палітычных зняволеных у Беларусі. Лідар партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі 1220 дзён, лідар партыі БХД Павел Севярынец — звыш 1200 дзён.
Выступаючыя выказалі словы падтрымкі і салідарнасці самай мужнай жанчыне Беларусі Паліне Шарэндзе-Панасюк, над якой распачаты судовы працэс па фармальных прычынах і прымяняюцца катаванні. Гаварылі пра закатаваных у месцах зняволення да смерці, звярталі ўвагу на тое, што, магчыма, такіх ахвяр на шмат больш, але з-за закрытасці месцаў зняволення і застрашанасці родных пра іх немагчыма даведацца.
Акцыя доўжылася з 9.30 да 14 гадзін дня. Паводле ўдзельнікаў акцыі, яны спадзяюцца, што ўдзельнікі сесіі звярнулі ўвагу на пікет пад бел-чырвона-белымі сцягамі, на воклічы «Свабоду палітвязням!», «Свабоду Беларусі!» і «Жыве Беларусь!»