Навіны

У Івацэвічах дзяцей забралі з платных заняткаў і адправілі глядзець «патрыятычны» фільм

Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», нядаўна ў івацэвіцкай музычнай школе замест урокаў музыкі, за якія бацькі плацяць, дзецям навязалі ідэалагічны фільм «Приказано жить». Гэта расейска-беларуская дакументальна-мастацкая стужка пра атрад партызан пад камандаваннем Аляксея Чарткова, які ў гады вайны змагаўся з нямецкімі акупантамі на тэрыторыі Беларусі.

Па сюжэце відэафільма, партызанскі атрад пад камандаваннем лейтэнанта Чарткова стаў вядомы дзякуючы сваёй адвазе і самаахвярнасці. 11 кастрычніка 1943 года яны ўступілі ў бой з нямецкімі жаўнерамі, ратуючы жыхароў вёсак Вавулічы, Дробаты і Крэмна ад расправы. У выніку камандзір атрада, 23-гадовы Чарткоў загінуў.

Паказ такога роду работ па-савецку, калі заганяюць шкаляроў нешта глядзець пад прымусам, нагадвае ідэалагічную апрацоўку і выклікае недавер.
«Фильм про подвиг молодого русского парня». Так апісваецца стужка на сайце магілёўскага гарвыканкаму
Што да самога фільма, то падобна, што беларусы ў чарговы раз «прагнуліся» перад расейцамі, акцэнтаваўшы ўвагу на фігуры чалавека з усходняй краіны-суседкі, якая амаль 4 гады таму вераломна напала на Украіну і не горш, а нават лепш Гітлера разбурае гарады і вёскі, забівае ўкраінцаў. Думаю, з правакацыйнай ідэалагічнай мэтай былі праведзены і раскопкі ў Беларусі пад пракурорскім наглядам ваенных злачынстваў фашыстаў супраць беларускага народа. 80 гадоў прайшло. За гэты час пошукі злачынстваў даследаваны ўсебакова і дакладна з удзелам жывых сведкаў. Цяпер, калі сведкаў не стала, сталі рыцца ў зямлі, каб падняць пытанне абвінавачвання немцаў у генацыдзе беларускага народа. А чаму спалі ў шапку пракурорскія праўдакапальнікі амаль 30 гадоў праўлення Лукашэнкі? Дык немцы ўсе гады нясуць пакаянне, заплацілі валютай пацярпелым. А вось за сталінскія злачынствы ні пакаяння, ні грошай, наадварот, беларускія сілавікі працягваюць гэтыя злачынствы супраць свайго народа. І чаго паглыбляцца ў вывучаную і не такую блізкую гісторыю, як Другая сусветная вайна, у той час як фашыстамі сталі найбліжэйшыя «браты» з Усходу. Чаму б не пачаць вывучаць гэты фенамен, каб не скаціцца разам з расейцамі ў глыбокую прорву?

Гэта разумеюць і бацькі дзяцей з івацэвіцкай музычнай школы. Яны супраць таго, каб плаціць за прагляд відэафільма сваімі грашыма, бо за прапаўшыя урокі музыкі грошы ніхто не верне. Па словах бацькоў, няхай глядзяць гэтую агітку тыя, хто хоча, а не навязваць прымусам усім падрад.
Made on
Tilda