Навіны

Бярозаўскі раён: заўважаны настаўнікі-прапагандысты

Архіўнае фота: навучальны клас у аўстрыйскай школе, 1935 год. Unsplash.com

Работнікамі ідыялагічнага фронту аказаліся... настаўнікі адной са школ Бярозаўскага раёна. Мы пакуль не называем, якая школа, хаця маем доказы, як настаўнікі не горш дзяржаўных СМІ апрацоўваюць неўмацаваныя дзіцячыя мазгі, апраўдваючы агрэсію Расеі ва Украіне. Маўляў, украінцы хахлы, бэндэраўцы паводзяць сябе варожа, ставяць сябе вышэй расейцаў, негаворачы ўжо пра беларусаў. Раней украінцы для беларусаў былі добрымі суседзямі і нават далёкай раднёй, а цяпер затрымліваюць беларускія машыны, забіраюць тавар і дзякуй, што яшчэ не забіваюць. Дзякуй, што прагучала, што, «магчыма, за тое, што страляюць з нашай тэрыторыі па Украіне». Але тут жа папраўляюцца, што бэндэраўцы Хатынь спалілі, а вось немцы, чыстакроўныя немцы, вёскі не палілі. Зараз бэндэраўцы не даюць нармальным людзям ва Украіне жыць.

Настаўнікі падрэсліваюць, што Беларусь не ўдзельнічае ў «спецаперацыі», бо «няма такой неабходнасці», як заявіў наш прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч. Хаця па міжнароднаму праву — Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеіі ААН ад 14.12 1974 года — краіна, з тэрыторыі якой вядуцца абстрэлы агрэсарам суседняй краіны, размешчаны вайсковыя базы і вайсковая тэхніка агрэсара, з´яўляецца краінай-агрэсарам. Гэта ёсць парушэннем нават абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ч.2, арт.18.

Іллюстрацыйнае фота. Unsplash.com

І гэта ідзе ад настаўнікаў працы, мастацтва і культуры і нават ад гісторыка. Не будзем удавацца ў гістарычны экскурс, бо вёскі палілі, як стала вядома з архіўных дадзеных і ўспамінаў сведкаў, і немцы, і партызаны і НКВД.

Пасля заявы Лукашэнкі, што гэта «вайна», магчыма, слова ў настаўнікаў-прапагандыстаў «спецаперацыя» заменіцца на слова «вайна». Праўда, такія размовы настаўнікаў з вучнямі былі да падзей у Бучы. Хочацца спадзявацца, што гэтыя настаўнікі паразумнелі. Хаця, былая настаўніца наконт трагедыі сказала, «фэйкі, пастаноўкі, сораўскія агіткі».

Былая настаўніца гісторыі, цяпер праваабаронца Алена Маслюкова лічыць падрыхтоўку настаўнікаў надта слабой. І не ў сваіх прадметах (хаця і тут можна паспрачацца), а ў мастацтве суіснавання ў краіне. Сейбіты «разумнага, добрага і вечнага» ператварыліся ў вяшчальнікаў жорсткай, недэмакратычнай, таталітарнай сістэмы, якая ўсталявалася ў Беларусі.

Мы лічым недапушчальнымі такія размовы ў школах. І па змене часу такім настаўнікам-прапагандыстам будзе дадзена ацэнка.
Made on
Tilda