Міністэрства інфармацыі на сваім сайце выкладвае спіс "забароненых" тэлеграм-чатаў, каналаў ды іншых месцаў у інтэрнэце, якія беларускія ўлады лічаць "экстрэмісцкімі" (у большасці там пратэсныя рэсурсы, незалежныя медыя).
Але ж, відаць, пры чарговым абнаўленні спісу нешта пайшло не так, і замест doc-файлу на 400+ старонак (апошнім разам было 466 старонак) цяпер прапануецца пусты файл памерам 0 байт. Такі стан спісу "экстрэмісцкага" берасцейская "Вясна" заўважыла 06.12.2022 у 19:00.
Ці дазваляе гэта лічыць, што зараз можна без наступстваў рабіць рэпосты з незалежных медыя, застаецца адкрытым пытаннем.
Нагадаем, што папаўняецца спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў" праз рашэнні судоў. Па падліках берасцейскай "Вясны", суддзі Берасцейскай вобласці напрызнавалі тыя ці іншыя месцы інтэрнэту "забароненымі" больш за сто разоў.
Абнаўленне: па стане на 23:50 6 снежня 2022, спіс ўсё яшчэ пусты.