Змагар і баец, чалавек сумленны і шчыры заўсёды — гэта берасцеец Аляксандр Сахарук. Сустрэліся мы з ім гадоў 15, а можа, і болей таму. Невысокага росту, круглатвары, светлавалосы коратка астрыжаны з светлай усмешкай на вуснах. Разам стаялі на пікеце, тады яшчэ калі-нікалі з «высокага» дазволу гэта можна было рабіць, і размаўлялі. Аляксандр тады расказаў пра сябе: рабочы, але разумее, што жыццё не па праўдзе — гэта шлях у нікуды, таму прымкнуў да мясцовай апазіцыі. Ён не быў ні ў адной з партый, а вось у прафсаюзе незалежным быў. Бо ведаў, што сапраўдны прафсаюз бароніць інтарэсы такіх простых рабочых, як ён. І канешне, любіў сімвалы незалежнай Беларусі: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоню», якія потым пачалі зневажаць улады. Сахарук нават суткі зарабіў за бел-чырвона-белы сцяг. Навучыўся размаўляць па-беларуску і цяпер ніколі не здраджвае роднай мове.
Гэта Аляксандр Сахарук з табурэткі праз бінокль назіраў за выбарамі 2020 года, куды яго не дапусцілі як незалежнага назіральніка. Ён не баяўся нідзе гаварыць праўду, яе адстойваў усюды і заўсёды, за што шмат цярпеў ад тых, для каго праўда горш хваробы. Высокай кваліфікацыі кранаўшчык, шмат разоў судзіўся супраць незаконных звальненняў. І ўдавалася з дапамогай праваабаронцаў захоўваць працоўнае месца, пакуль не прыйшоў час, што нават той тонкі парог паміж абсалютным бяспраўем сцёрся зусім. Тады паехаў на працу ў Польшчу, дзе такіх спецыялістаў з рукамі адрываюць. Былы афганец (сёння асуджае тую вайну), былы ваяр-каліновец, вернік грэка-каталіцкай царквы, чалавек які з гадамі не страціў веры ў дабро, не страціў дабрыні душы і годнасці. Ён і ў той краіне, якая прытуліла яго, знайшоў сябе. Паважаны і любімы землякамі ў замежжы, Аляксандр запальвае іншых і дорыць аптымізм сваёй верай у тое будучае, за якое змагаўся не адзін дзясятак гадоў.
