Навіны

Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла на волю

Яна знікла з зарэчынскай калоніі
Паліна Шарэнда-Панасюк да зняволення. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
21 траўня 2024 года палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк мусіла выйсці на волю. З самай раніцы па яе прыехалі родныя. Не дачакаўшыся выхаду дачкі, яе маці, як паведаміў муж Паліны Андрэй Шарэнда, пайшла да намесніка начальніка калоніі. Ён сказаў, што Паліны ў калоніі №24 няма, яе этапавалі. Куды і чаму, не паведаміў. Пасля родныя паехалі ў гомельскае СІЗА №3. Калі Паліны там няма, то будуць звяртацца ў гомельскі ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў). Хаця незадоўга перад вызваленнем адміністрацыя калоніі нічога дрэннага пра Паліну не гаварыла і дзень вызвалення называўся 21 траўня.

Па меркаванні праваабаронца «Вясны» Алега Мацкевіча, дакладна нешта зараз гаварыць цяжка, але па горшаму варыянту, на Паліну можа быць заведзена новая крымінальная справа па арт.411 (Непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі), каб затрымаць яшчэ на год у калоніі, працягваючы катаванні над Палінай, нягледзячы на «пакаяльнае» відэа і выкананне ўсіх патрабуемых ад зняволенай абавязкаў.

Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 і асуджана да 2 гадоў зняволення за тое, што падчас вобшуку ў яе кватэры яна плюнула ў твар аднаму міліцыянту, з іншага сарвала маску, нібыта абражала іх ды Лукашэнку. Але ў калоніі дадалі яшчэ год за нібы злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі. У 2023 годзе паўторна завялі справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі і працягнулі тэрмін зняволення яшчэ на год. З улікам усіх вядомых на сёння крымінальных спраў, жанчына мусіла вызваліцца 21.05.2024.
Made on
Tilda