6 красавіка 2026 ў маларыцкім раённым судзе была разгледжана крымінальная справа шматдзетнай маці 48-гадовай Кацярыны Зімохі. Яе абвінавацілі ў гвалце у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў Маларыцкага РАУС па арт. 364 КК РБ. Як стала вядома берасцейскай «Вясне», жанчына асуджана на 2 гады «дамашняй хіміі» і заплаціла «пацярпеламу» 500 рублёў за маральныя пакуты. Сведкі міліцыянты на суд не з'явіліся.
Нагадаем, што пачалася гэта гісторыя з нязначнага парушэння дарожнага руху пры перамяшчэнні на электраровары. Далей Кацярына Зімоха аказалася пакарана двойчы: па адміністрацыйнай справе за непадпарадкаванне міліцыі атрымала штраф 1260 рублёў, а цяпер за тое, што дакранулася да пляча «служыцеля народа» яшчэ 500 рублёў і абмежаванне волі. А калі ўзяць пад увагу праверку тэлефона пад час інцыдэнту, то тройчы: за падпіску на Латушку і Радзіну штраф 420 рублёў.
Нагадаем, што 16 снежня 2025 года Кацярына Зімоха была жорстка затрымана за парушэнне правіл язды на электраровары. Яе адразу павалілі на зямлю, адзін з міліцыянтаў скакаў па спіне нагамі, каб «суцішыць» жанчыну і зашчоўкнуць наручнікамі рукі. Калі пачалі перамазаную, раскатурханую жанчыну падымаць з зямлі, каб укінуць ў свой аўтамабіль і адвезці ў бальніцу на праверку ў арганізме алкаголю, жанчына аднаго з іх, казалі відавочцы, злёгку штурхнула ў плячо. Брутальнае затрыманне было знята на відэа і размешчана ў сацсетках. Міліцыянтам прыйшлося «папрацаваць», каб прыбраць відэа з Інтэрнэта і абвінаваціць жанчыну, маці траіх дзяцей, адно з якіх мае 10 гадоў.