14 кастрычніка адзначаўся Дзень маці. Маці і дачка Лысковічы не мелі магчымасці пабачыцца ў гэты дзень: маці Алена адбывае пакаранне ў ПУАТ №25, а яе дачка збегла з ПУАТ №10 за мяжу. Абедзве былі асуджаныя па палітычнай крымінальнай справе — так званай «карагоднай справе».
У берасцейскай «Вясны» ёсць тэкст верша, які напісала ў той дзень Алена сваёй дачцэ Вікторыі:
Маё сэрца
Мая дачушка — гэта маё сэрца,
Як сёння мне цябе не дастае!
Бо лёс бязмежжа збараніць мне гэта
і роспач паміж намі паўстае.
А мне ж хацелась дакрануцца
да русае галовушкі твае,
Абняць цябе і разам усміхнуцца,
каб жыць нам у свабодзе і цяпле.
Але ж я веру, будзе час сустрэчы
той цёплай, што нічым не замяніць,
бо немагчыма уявіць той рэчы,
што можна буйны вецер зупыніць.
І мы сустрэнемся, каб больш не раставацца
ніколі ўжо, на нашае зямлі!
Ружовым узыходам напаўняцца
і каб заўсёды разам мы былі.
14.10.2022 А.Лысковіч
Нагадаем, што Алене і Вікторыі Лысковіч прысудзілі кожнай па 1 году 6 месяцаў «хіміі» у межах так званай «карагоднай справы» (гэта крымінальная справа за тое, што 13.09.2020 у Берасці пратэстоўцы вадзілі карагод на скрыжаванні дарог, пакуль іх не разагнаў вадамёт).
Іх накіравалі ў розныя папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу (ПУАТ): маці ў ПУАТ у Гародні, дачку ў Віцебск. З 26 ліпеня 2021 года яны адбывалі пакаранне, але ж дачка ўрэце рэшт збегла са сваёй установы — а потым здолела трапіць за межы Беларусі. Алена Лысковіч усё яшчэ адбывае свой тэрмін.
Падтрымаць Алену можна па адрасе:
ПУАТ № 25. 231707, г. Гродна, вул. Леніна, 12А
Алена Васільеўна Лысковіч