Навіны

28 траўня Уладзіміру Гундару – 65!

На пярэднім плане справа Уладзімір Гундар
Гэта пяты дзень народзінаў, які актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, сустрэў за кратамі. Уладзімір быў затрыманы 30 снежня 2020 года. Ён мае інваліднасць другой групы, бо ў яго няма нагі. У межах «справы Аўтоховіча» яго абвінавацілі ў замаху на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. 17 кастрычніка 2022 года актывіст шляхам частковага складання пакаранняў быў асуджаны 20 гадамі калоніі.

Усе, хто ведае Уладзіміра Гундара, не паверылі ў яго віну, як і не паверылі раздзьмутай чэкістамі «справе Аўтоховіча» наогул. Сябры ў Баранавічах добра ведалі, што не мог быць пасыльным Уладзімір па справах змовы па ўзбраенню з украінскім бокам у той час, як бушаваў каранавірус і Уладзімір не выходзіў з дому. Ён баяўся, што яго аслаблены арганізм не вытрымае смертаноснага вірусу. Але для стваральнікаў справы трэба было зрабіць масавасць намеру ўзброенага замаху, каб прадэманстраваць дыктатару важнасць «канторы». Прыйдзе час, і гэта высветліцца, а ўдзельнікі гэтай сфантазіраванай крымінальнай справы, якія атрымалі вялізныя тэрміны, будуць рэабілітаваны, як гэта было з абвінавачанымі ў 1937 мінулага веку.

Уладзімір моцна любіць Радзіму. І ўсё рабіў для таго, каб даносіць праўдзівую гісторыю Беларусі. Ён быў суарганізатарам гістарычных экскурсій у Баранавіцкім раёне, падчас якіх шмат расказваў цікавых гістарычных дэталяў. Ён добра ведаў, што толькі ў вольнай краіне людзі могуць ствараць добрую будучыню і зробяць яе прыцягальнай для будучых пакаленняў, якую не будуць пакідаць беларусы. Ён быў супраць расейскага нападу на Украіну, бо добра ўсведамляў, што гэта злачынства, і выйшаў на адзіночны пікет на галоўнай плошчы ў Баранавічах. Удзельнік розных патрыятычных імпрэзаў, добры бацька і муж, які дэманстраваў любоў да Бога і сваіх блізкіх.

Цяпер без віны актывіст адбывае турэмны тэрмін у камеры-адзіночцы магілёўскай турмы №4. Добра ў гэтай сітуацыі адно, што на дадзены момант палітвязень мае сувязь з сям'ёй.
Made on
Tilda