Навіны

Палітвязень Уладзімір Гундар зноў у карцары

Ужо ў чацвёрты раз

Уладзімір Гундар падчас суду

Паводле жонкі палітвязня Алены Гундар, з 22 вечара суботы 17 верасня 2022 года Уладзімір зноў змешчаны ў карцар. Ён катэгарычна адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі "нізкага сацыяльнага статусу". За гэта адміністрацыяй турмы быў пакараны 10 соднямі карцара. Гундар аб'явіў галадоўку на ўвесь тэрмін пакарання. Увесь гэты час Уладзімір будзе піць толькі ваду. Адвакат звярнулася да Алены за цёплай вопраткай, бо ў карцары нашмат халадней, чым у камеры. Акрамя гэта яму патрэбны таблеткі, бо пачувае сябе нездаровым, Уладзіміра трасе ліхарадка. Магчыма, пачаўся каронавірус, які мог прынесці хтосьці з новых падселеных у камеру. За год і 9 месяцаў знаходжання за кратамі Уладзімір не хварэў, кажа Алена.

Інваліда 2 групы, палітвязня Уладзіміра Гундара з 18 траўня 2022 года судзяць па справе «групоўкі Мікалая Аўтуховіча». Зараз ідзе судовы працэс, пад час якога Гундар змешчаны ў чацвёрты раз у карцар. Прычыны ранейшага змяшчэння тычацца парушэння яго правоў. Першы раз Уладзімір выказаў пратэст супраць кожнага раздзявання і прасвечвання вопраткі рэнтгенам, калі вялі ў памяшканне, дзе праходзіць суд. Тады Гундар правёў сухую 10-дзённую галадоўку, два другія разы нібы за парушэнне турэмнага рэжыму: прысеў на нары днём і адмовіўся называць сябе экстрэмістам.

Інвалід без нагі Уладзімір Гундар абвінавачваецца ў стварэнні злачыннай групоўкі і замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, арт. 285 ч. 2 і 357 ч. 2 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Made on
Tilda