Пра людзей

Генадзь Смірноў год і восем месяцаў чакае ў Польшчы міжнароднай абароны

Генадзь Смірноў, 25.01.2026, Варшава
51-гадовы экс-палітвязень Генадзь Смірноў выйшаў са шклоўскай калоніі ў снежні 2023 г. Дома змог вытрымаць толькі тры месяцы. Пастаянны пераслед, ціск, 18 сутак адбыў ў ІЧУ за тое, што паехаў рабіць у Берасце візу. Таму на пачатку красавіка 2024 года яны з сынам, які адсядзеў 2 гады на «хіміі», уцяклі за мяжу. Спачатку іх накіравалі ў Літве ў санаторый на 10 дзён, потым вывезлі ў Польшчу і яны з сынам паехалі ва Уроцлаў. Там пасялілі ў шэлтар і аплацілі яго на 2 месяцы. Невялікай дапамогі ў 500 € і 2000 злотых хапіла ненадоўга. У шэлтары адміністратарам быў «прахіндзей», былы палітвязень Максім, кажа Генадзь (хаця той ужо не працуе ў шэлтары: навараціў спраў).

— Выжываем самі як атрымліваецца. Атрымліваецца не заўсёды. У мяне былі ў шклоўскай калоніі №17 моцна пашкоджаны калені начальнікам зоны і яго першым намеснікам. І цяжкую працу мне выконваць складана. Цяпер пераехаў у Варшаву, тут хоць работу можна знайсці, бо ва Ўроцлаве аддаюць перавагу для людзей 40-45 гадоў. Вось папрацаваў на аптэчным складзе, хоць здароўя шмат пайшло і за капейкі працаваў, але назапасіў на пару месяцаў на аплату шэлтара. Калені само сабой, а яшчэ пашкодзіў мышцы на назе, цяпер кульгаю. Напрыклад, вось толькі за апошні дзень працы, за 8 гадзін я адзін загрузіў сем 20-тонных кантэйнеры. У Варшаве ў мяне сяброў шмат, як «адыдзе» мышца, то абяцалі хоць на нейкую чорную работу ўзяць без дакументаў. А калі атрымаю дакумент, то найду можа нейкую лягчэйшую работу.

Радуе, што мужчына настроены аптымістычна. Але сітуацыя складаная. Смірноў лічыць, што за большай дапамогай ужо позна звяртацца, амаль два гады прайшло. Хаця пашкоджаныя калені не пралечаны, зубы скрышаны...

Нагадаем, што Генадзь Смірноў затрыманы ў жніўні 2021 года разам з сынам Вячаславам за распаўсюд улётак пра Лукашэнку. Асуджаны на 2 гады 6 месяцаў калоніі. За сваю цвёрдую пазіцыю і непрызнанне віны часта быў ў ШІЗА і ПКТ, страціў шмат вагі, выйшаў з моцна пашкоджаным здароўем. Сына Генадзя Смірнова Вячаслава па той жа справе асудзілі да 2 гадоў «хіміі».
Made on
Tilda