Навіны

Берасцейка Паліна Шарэнда-Панасюк выступіла ў ААН

Звярнула ўвагу на артыкул 411, па якім палітвязняў можна трымаць за кратамі бясконца
11 сакавіка 2026 года былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк выступіла ў Жэневе перад Групай незалежных экспертаў па Беларусі пры Радзе ААН па правах чалавека. Сярод іншага яна ўзняла тэму злачыннага выкарыстання рэжымам артыкула 411 КК Беларусі. Артыкул 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі») стаў адным з ключавых інструментаў палітычнага пераследу, што неаднаразова падкрэслівалася ў межах Рады па правах чалавека ААН. Справа Паліны Шарэнды-Панасюк з'яўляецца адным з рэзанансных прыкладаў выкарыстання гэтага артыкула для бясконцага падаўжэння тэрміну зняволення. Паводле Паліны, ён стаў адным з найбольш жахлівых інструментаў тэрору супраць беларускіх палітзняволеных — абсалютна нахабнай, бескантрольнай і беспакаранай пралангацыяй закладніцтва. Па гэтым артыкуле можна трымаць чалавека за кратамі пажыццёва. Аналагаў падобнага артыкула ў цывілізаваным свеце не існуе. Да 2020 года ён вельмі рэдка прымяняўся ў Беларусі і то да мужчын, якія адбывалі крымінальны тэрмін і стваралі шмат праблем для адміністрацыі насамрэч.

Паліна заклікала міжнародную супольнасць да ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай скасавання гэтага артыкула, а таксама неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітзняволеных, асуджаных па ім, і іх поўнай прававой рэабілітацыі.

Паліне Шарэндзе-Панасюк тройчы працягвалі тэрмін зняволення па гэтым артыкуле. Вікторыі Кульшы — чатыры. А на фатаздымках у Радзе, якія выхапіла беларуская дыпламатка Ларыса Бельская, былі партрэты Вольгі Маёравай і Алены Лазарчык. Пра гэтых жанчын, якія пакутуюць у зарэчанскай калоніі для жанчын-рэцэдывістак, Паліна расказвала і прасіла міжнародную супольнасць дабівацца іх вызвалення.

Made on
Tilda