Іншыя артыкулы

Дапамога ці кампенсацыя?

Хто мусіць плаціць за зняволенне беларускім палітвязням
Трыгерам для гэтага тэксту стала відэа ў TikTok былога беларускага палітвязня Віталя Бандарука. У тым роліку ШІ (Штучны Інтэлект) яму распавядае пра практыку кампенсацыі за памылковае зняволенне ў некаторых краінах Еўропы. Таксама ШІ робіць разлікі, што Бандаруку пры такіх еўрапейскіх стаўках мусілі б выплаціць больш за 100 тысяч еўра. Але Бандарук апублікаваў гэты ролік з тэкстам на застаўцы: «Ціханоўская, вярні мне мае грошы».

Гісторыя самога Бандарука сапраўды непрыдатная да кпінаў над чалавекам ці абясцэнванню таго, праз што ён прайшоў. Віталя Бандарука затрымалі ў красавіку 2021 года. У кастрычніку таго ж года Берасцейскі абласны суд прыгаварыў яго за інтэрнэт-каментары да 5гадоў пазбаўлення волі адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Спачатку Бандарук знаходзіўся ў шклоўскай калоніі №17. У студзені 2024 года яму змянілі рэжым утрымання і перавялі ў магілёўскую турму №4. На волю ён выйшаў 11 верасня 2025 года — яго разам з іншымі вызваленымі прымусова вывезлі ў Літву. Да заканчэння пяцігадовага тэрміну заставалася каля трох месяцаў.

Сам Бандарук расказваў, што ў ШІЗА і ПКТ правёў увогуле восем месяцаў. Паводле яго слоў, зімой там было настолькі холадна, што даводзілася намотваць анучы на ​​ногі замест парцянак. Ён сцвярджаў, што падвяргаўся ціску, расказваў пра галадоўку, траўму рукі і вымагальніцтва грошай у калоніі. За час знаходжання ў ПК-17, паводле яго слоў, яго вага знізілася са 125 да 65 кілаграмаў. Пасля вызвалення ў Літве ў яго выявілі гепатыт С; Бандарук лічыць, што заразіўся ў зняволенні, што дома ў яго такога дыягназу не было.
То бок, мы гаворым не пра чалавека, які некалькі сутак правёў у ІЧУ і цяпер вырашыў зарабіць на статусе былога зняволенага. Ён правёў за кратамі чатыры з паловай гады.

На такім фоне некалькі тысяч еўра дапамогі, якія можа атрымаць вызвалены палітвязень, сапраўды не ўражваюць. Бо на ўзгаданым відэа ШІ дае прыклад Нямеччыны, дзе існуе кампенсацыя €75 за дзень незаконнага пазбаўлення волі. У іншых еўрапейскіх краінах можна сустрэць сумы яшчэ вышэй. Калі чатыры з паловай гады зняволення — гэта прыкладна 1640 дзён, то нават пры стаўцы €75 атрымоўваецца каля €123 тысяч. Калі лічыць па €100 — ужо €164 тысячы.

Толькі ёсць адна праблема: Нямеччына Віталя Бандарука не саджала.

У Нямеччыне дзейнічае закон аб кампенсацыі за меры крымінальнага пераследу – StrEG. У §7 сапраўды запісана: кампенсацыя нематэрыяльнай шкоды складае €75 за кожны дзень пазбаўлення волі. Асобна можа пакрывацца даказаная матэрыяльная шкода. Але гэта не ўсталяваны Еўропай «кошт дня, праведзенага беларускім палітвязнем у турме». Гэта механізм нямецкага заканадаўства, які прымяняецца пры прадугледжаных законам абставінах крымінальнага пераследу. І плаціць па ёй нямецкая дзяржава за дзеянні нямецкай сістэмы правасуддзя.
Таксама можна разгледзець такую краін як Нідэрланды. Там з 1 студзеня 2026 года судовыя арыенціры прадугледжваюць €160 за дзень неабгрунтаванага ўтрымання ў паліцэйскай камеры і €120 за дзень у следчым ізалятары. Але гэта зноў нацыянальны механізм кампенсацыі ў пэўных крымінальна-працэсуальных сітуацыях, а не еўрапейскі тарыф для былых вязняў усяго свету.

Таму нельга ўзяць тэрмін у беларускай калоніі, памножыць яго на нямецкія €75 ці галандскія €120 і прад'явіць рахунак еўрапейскаму фонду.

Юрыдычна гэта проста розныя рэчы. Еўропейскія фонды дапамагаюць беларускім палітвязням, а не кампенсуюць незаконнае асуджэнне рэжымам, за страчанае здароўе і адабраную маёмасць.
Тады хто павінен плаціць?
Сказаць былому палітвязню літаральна «вам ніхто нічога не вінен» таксама было б няправільна.

Калі чалавека незаконна пазбавіла волі дзяржава, пытанне кампенсацыі існуе. Але адрасат такога патрабавання — найперш дзяржава, якая чалавека пераследавала. Калі калі-небудзь у Беларусі з'явіцца паўнавартасны механізм рэабілітацыі незаконна рэпрэсаваных, тады сапраўды давядзецца лічыць не толькі дні, але і канфіскаваную маёмасць, выдаткі на лячэнне, наступствы для здароўя, страчаны заробак, разбураны бізнэс, упушчаныя гады прафесійнага жыцця, і асобна — маральную шкоду.

Тады можна будзе спрачацца, ці павінна кампенсацыя складаць 100, 200 тысяч еўра ці мільён. Але гэта будзе зусім іншая спрэчка.

Калі цяперашняя сітуацыя ў Беларусі закансервуецца надоўга пры адсутнасці перамен да лепшага, то ёсць сэнс прапрацоўваць гэтае пытанне беларускім дэмакратычным сілам.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-10-02 14:49