Навіны

Музычны альбом «Пазначаныя жоўтым» пра палітвязняў

Прэзентаваны ў Варшаве
10 снежня 2024 года ў Міжнародны дзень правоў чалавека у Музеі Вольнай Беларусі быў прэзентаваны музычны альбом «Пазначаныя жоўтым». Прэзентавалі альбом сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Дзіяна Пінчук, аўтарка ідэі, мэнэджэрка і рэжысёрка Крысціна Дробыш і былы палітзняволены Алесь Папковіч з музычнага гурта «Дзея».

Паводле Крысціны Дробыш, напісаць такі альбом натхніла выпадкова ўбачанае відэа, дзе была пакладзеная на музыку апошняя прамова палітзняволенай, і гэта нават была не беларуская гістрыя. Затым знайшла аналагічнае відэа ўкраінскіх аўтараў пра рэпрэсаваных у 1930-я гады ўкраінскіх дзеячаў. «Гэта работа была яшчэ больш класная і я падумала, чаму б не зрабіць такое ў нас. За дапамогай звярнулася да "Вясны", паколькі менавіта ў "Вясны" ёсць увесь матэр'ял пра палітвязняў», — распавяла Дробыш.

Работа над альбомам цягнулася 10 месяцаў. Над ім працавалі паэты, музыкі, акторы, праваабаронцы і былыя палітзняволеныя.

Альбом складаецца з шасці трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязня ад затрымання да вызвалення. Ён з'яўляецца, па словах Крысціны, своеасаблівай дакументацыяй рэпрэсій у Беларусі.

Падчас прэзентацыі альбом не слухалі. Але кожны ахвочы можа зрабіць гэта ў любы момант у інтэрнэце, па пляцоўцы Soundcloud (слухайце па спасылцы).
2024-12-11 13:28