Іншыя артыкулы

Пластык. Яго знаходзяць унутры жывёл — і ўнутры чалавека

Чаму гэта небяспечна? І што з гэтым можна зрабіць?
Хутчэй за ўсё, вы раней чулі, што пластык вельмі доўга не раскладаецца і не гніе.

З аднаго боку, гэта сапраўды так. Пластык не гніе, не псуецца стагоддзямі. Але ж паступова ён распадаецца на такія маленькія крупінкі, якія разносяцца па свеце ў акіянах, у рэках, у паветры — і потым трапляюць у розныя ворганы чалавека. Гэта ўсё яшчэ пластык, проста памерамі менш. Такія крупінкі пластыку называюцца мікрапластыкам (памерам менш за 5 міліметраў).

Небяспеку мікрапластыка яшчэ толькі пачынаюць вывучаць. Але ўжо сёння зразумела: яго распаўсюд мае сур'ёзныя наступствы, і чым далей — тым больш трывожныя факты адкрываюцца пра мікрапластык.

Напрыклад, ужо сёння чалавек у сярэднім з'ядае мікрапластыку па 5 грамаў на тыдзень (гэта вагой з банкаўскую картку). Таму што мікрапластык трапляе ў ваду, а потым трапляе ў арганізмы рыб ці іншых жывёл, і такім чынам робіцца ежай для іншых (у тым ліку для чалавека). Так, у 60% даследваных рыб па ўсім свеце у 2019-2020 гадах знайшлі мікрапластык (прычым не было розніцы па геаграфічных рэгіёнах). Мікрапластык знаходзяць і ў вадаёмах Беларусі.

Таксама мікрапластык мы ўдыхаем з забруджаным паветрам. Мікрапластык можа забруджваць ваду ў пластыкавай бутэльцы, а пластыкавы кантэйнер з ежай у мікрахвалёўцы можа дадаць мікрапластыку ў ваш абед.

Чым небяспечны мікрапластык унутры чалавека?

Пакуль поўнага адказу ў навукоўцаў няма. Яны яшчэ толькі пачынаюць вывучаць гэтую тэму, бо вялікія аб'ёмы пластыку з'явіліся толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. А звяртаць увагу, што мікрапластык можна знасці проста паўсюль (у акіянах, аблоках, унутры жывёл) увогуле пачалі літаральна ў апошнія гады.

Тым не менш, ужо ёсць даследванні, якія сведчаць што:
  • мікрапластык трапляе у кроў, што прыводзіць да павышэння рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў
  • мікрапластык знаходзяць у сперме мужчын, і гэта прыводзіць да зніжэння актыўнасці сперматазоідаў (а значыць, будзе цяжэй завесці дзяцей)

Што можаце рабіць менавіта вы?

Простым крокам, які можа зрабіць кожны — гэта зменшыць колькасць пластыкавых рэчаў у жыцці.
Напрыклад у крамах:
  • ісці за пакупкамі са сваім шоперам-авоськай (каб не купляць на касе вялікія пластыкавыя пакеты)
  • па магчымасці гародніну і фрукты не запакоўваць у аднаразовыя пакеты: лімоны ці гуркі дакладна не патрабуюць пластыкавай абгорткі
  • калі адзін і той жа тавар ёсць у пластыкавай і непластыкавай тары, то лепей выбраць прадукт у непластыкавай тары (напрыклад, шклянай)

Таксама можна больш карыстацца натуральнымі, а не сінтэтычнымі матэрыяламі ў жыцці:
  • прэфераваць аддзенне з натуральных матэрыялаў, такіх як лён ды бавоўна (бо падчас прання сінтэтычных матэрыялаў, частка з іх пераходзіць у мікрапластык і выводзіцца з вадой у каналізацыю, а адтуль трапляе ў рэкі ды акіяны; па падліках, 35% мікрапластыку, што плавае ў акіяне — гэта часціцы з вопраткі)
  • не браць на пікнік аднаразовы пластыкавы посуд, але металёвы або іншы шматразовы посуд

Нават невялічкія змены на асабістым узроўні маюць ўплыў на навакольнае асяроддзе, таму кожны падобны маленькі крок — шлях да больш экалагічнага, а значыць, і больш здаровага асяроддзя.
Made on
Tilda