Іншыя артыкулы

Чарговыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Каментар праваабаронцы «Вясны»

Праваабаронца Алена Маслюкова. Крыніца: spring96.org

Чарговыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс прапанавала ўлада ў сёмы раз, пачынаючы з 2003 года. Сёння, 2 лістапада 2022 года, апошні дзень фармальнага абмеркавання паправак. Пра абмеркаванне, якое пачалося 24 кастрычніка, людзі, напрыклад, Бярозаўскага раёна даведваліся з мясцовай раёнкі «Маяк», калі хто яе чытае, больш прасунутыя з тэлеграм-чата Bereza.by 26 кастрычніка. Як стала вядома ад мясцовых прапагандыстаў СМІ, усе змены, што тычацца Усебеларускага так бы мовіць народнага сходу, абмяркоўваюць верныя рэжыму людзі. Гэта кіраўнікі праўладных ветэранскіх арганізацый і дзяржаўных прафсаюзаў. А вось пра абмеркаванне паправак у Выбарчы кодэкс нічога няма. Хаця афіцыйна абмеркаванне прапаноў, што тычацца Выбарчага кодэкса і УНС, праходзіла адначасова.

Тым не менш прааналізуем прапановы, якія тычыцца Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Па ўсім выглядае, што цяперашняя ўлада ў Беларусі вырашыла пры далейшай імітацыі выбараў абысціся без сюрпрызаў 2020 года. Таму адна з паправак тычыцца ліквідацыі выбарчых участкаў за мяжой. Паводле ўладаў, гэта звязана з каранавірусам, то-бок з адсутнасцю неабходных мер бяспекі і скарачэннем штату дыпмісій. З чым не згодна сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Алена Маслюкова:
Гэта цалкам лагічны ход, які можа зрабіць сённяшняя нелегітымная ўлада Беларусі. Вядома, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вельмі моцная хваля незадаволенасці пракацілася па Беларусі. Мы ведаем, што рэпрэсіўная машына дагэтуль працягвае караць людзей за тое, што яны асмеліліся не пагадзіцца з абвешчанымі вынікамі выбараў. Мы ведаем, што праз рэпрэсіі вялікая колькасць вядомых еўрапейскі арыентаваных беларусаў мусіла з'ехаць з Беларусі. Вядома, што з'яўляючыся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, яны прыйшлі на выбарчая ўчасткі, якія месцяцца за межамі Беларусі. Для ўлады гэта быў бы канкрэтны паказчык таго, што людзі нязгодныя з тым, што адбываецца ў Беларусі. Менавіта таму, я так мяркую, улады і імкнуцца лабіяваць менавіта гэтае пытанне — закрыць усе выбарчыя ўчасткі за межамі Беларусі. Такім чынам улады імкнуцца ўзяць у кола інфармацыю, якая ёсць непасрэдна ў Беларусі, і не дапусціць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.

Выбарчы ўчастак у Берасці падчас выбараў у 2020 годзе. Бачна налепка з забаронай фатаграфаваць (хаця выбарчае заканадаўства на той момант дазваляла рабіць фота бюлетэняў). Зараз прапануецца забараніць фатаграфаваць бюлетэнь

Прапанавана прыбраць парог яўкі на выбарах у Палату Прадстаўнікоў. Цяпер можна правесці выбары лежачы на баку, кажа праваабаронца Маслюкова:
Гэта абсалютна неправамоцныя дзеянні. Гэта што атрымліваецца, калі на выбарчыя ўчасткі ў Беларусі прыйдзе, напрыклад, дзесяць чалавек, то мы будзем лічыць, што выбары адбыліся? Гэта ж папросту парадаксальная сітуацыя. Канешне, безумоўна, такога быць не можа, бо існуюць заканадаўчыя нормы, існуюць даследаванні ў галіне паліталогіі, якімі выбарчымі стандартамі карыстаюцца на міжнародным узроўні ў іншых дэмакратычных краінах. Мне падаецца, што Беларусь усё больш і больш скочваецца ад дэмакратычных прынцыпаў, ад свабодных выбараў у нейкую нелегітымную прававую багну.

Па словах Алены Маслюковай, не менш неправавой выглядае і прапанова з нерэгістрацыяй назіральнікаў за выбарамі як падчас датэрміновага галасавання, так і ў асноўны дзень галасавання:
— Гэта проста відавочныя рэчы нелегітымнай улады і яе дзеянні. Яны імкнуцца адпіхнуць людзей ад выбарчых працэсаў. Што б ні рабілі сённяшнія ўлады, тым не менш людзі гатовыя пайсці на назіранні і яны маюць на гэта права. 2020-ты год паказаў, што беларускае грамадства не такое ўжо абыякавае. Тады з'явілася шмат жадаючых паназіраць за выбарамі. Таму былі зафіксаваны шматлікія парушэнні. Маніторынгам парушэнняў выбарчага заканадаўства займалася «Вясна» ужо даўно, перадавала ў міжнародныя структуры. Таму ўлада ў 20-м годзе нахабна адсякала незалежных назіральнікаў, каб зрабіць патрэбнымі вынікі выбараў. Цяпер вырашылі мець афіцыйныя падставы для нейтралізацыі асабліва прынцыповых, пазбаўляючы іх акрэдытацыі да асноўнага дня галасавання. А замяніць іх ужо будзе немагчыма.

Такім чынам, можна падсумаваць, што плануемыя змены ў выбарчае заканадаўства накіраваныя на пагаршэнне выбарчых правоў грамадзян Беларусі.
Made on
Tilda