Навіны

Дзяўчыну з Пінску ва ўніверсітэце прывялі на размову з КДБ

Далей былі пакаяльнае відэа, Акрэсціна, ад'езд за мяжу
Дар'я Прыгодзіч
Бацькі, калі прыехалі забіраць мяне з Пінску, моцна плакалі, калі ўбачылі мяне. За 15 сутак я схуднела на 15 кілаграм, была вельмі-вельмі худая. А бацька, яму 66 гадоў, усё рваўся на Акрэсціна, каб пагаварыць з імі. Ледзь мы яго стрымалі. Ён ад перажывання ледзь не трапіў у бальніцу, — успамінае 20-гадовая былая студэнтка 3 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дар'я Прыгодзіч з Пінску.

3 лістапада 2022 года раніцай дзяўчына прыйшла на заняткі. Пайшла да сваёй дэканцы Вольгі Шалупенькі падпісаць заяву. У яе кабінеце былі і ішныя студэнты. Кіраўніца папрасіла ўсіх назваць свае прозвішчы. Калі пачула прозвішча Прыгодзіч, сказала ўсім, каб выйшлі. А Дашы сказала, што яе выклікае прарэктар, навошта — не ведае. І яны пайшлі ў кабінет прарэктара. Па дарозе дэкан папрасіла адключыць тэлефон. Калі Даша зайшла ў кабінет прарэктара, былога супрацоўніка КДБ Сяргея Мікалаевіча, там сядзеў супрацоўнік КДБ. Яны зачынілі дзверы і пачалі допыт, пры гэтым забралі у студэнткі тэлефон і пачалі ў ім «рыцца». Яны знайшлі перапошчаныя навіны з Тэлеграма, а таксама здымкі самой Дашы з акцый. Кадэбіст настаяў на пакаяльным відэа. Дзяўчыне стала страшна, і яна пагадзілася. Таксама знайшлі яе дадзеныя ў арганізацыі «Беларускія студэнты за свабоду». За тыдзень перад арыштам у інтэрнэце з'явілася прапанова ад арганізацыі на тыднёвыя адукацыйныя курсы, дзе будуць гаварыць пра свабоду, беларускую гісторыю і беларускую мову. У Дашы выпытвалі і пра гэту арганізацыю. Але яна нічога і нікога не ведала. Тут жа ў кабінеце ёй было заяўлена, што яе пасадзяць на 15 сутак. І супрацоўнік КДБ павёз студэнтку ў аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёна.

У РАУС склалі пратакол і апісалі яе рэчы. Затым на 7 гадзін змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Потым перавезлі на Акрэсціна. Судзілі праз суткі цераз скайп, прывёзшы яе ў РАУС. Рашэнне вынесла суддзя Кастрычніцкага раёна Менску Інна Сівец: 15 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэр'ялаў.

15 сутак правяла ў 4-охмясцовай камеры, там было 17 чалавек. Ні матраца, ні падушкі, ні бялізны. На голых нарах немагчыма было спаць, і спалі на падлозе, пад нарамі, пад сталом. Нам адкрылі акно і «забыліся» закрыць. Палова камеры захварэла, і толькі аднойчы адна з медработніц дала таблеткі. Была дзяўчына, якой амапавец наступіў на руку, прыйшлося ампутаваць палец. Перавязку зрабілі толькі аднойчы. Кругласуткава гарэла яркае святло.

Перадач ніякіх не прымалі. 15 сутак не выводзілі на вуліцу і не вадзілі памыцца. Заядалі клапы і вошы. Туалет тут жа ў камеры.

Ежа была моцна перасоленая. Калі-нікалі была і нармальнай. У залежнасці ад змены талеркі з ежай былі то поўныя, то толькі на дне.

Калі Даша выйшла з Акрэсціна, яна зразумела, што ў Беларусі ўсе дзверы для яе зачынены, ды і жадання іх адчыняць не было. Ад Радзімы дыхала небяспекай. Яна вырашыла з'ехаць. Дзяўчына марыць працягнуць па сваёй спецыяльнасці вучобу ў Польшчы, паколькі ведае польскую мову.
Made on
Tilda