Чарговы пікет салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
24 студзеня з 14 да 16 гадзін каля будынка Міністэрства замежных спраў адбыўся пікет са зваротам да польскіх уладаў. Удзельнікі пікету прапануюць МЗС заняць больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Ужо чацвёрты год не спыняюцца ў Беларусі жорсткія рэпрэсіі, пераслед і ганенні ў адносінах да мірных людзей. У турмах і калоніях фактычна знішчаюць людзей, адпраўленых за краты па палітычных матывах, у тым ліку і грамадзян з польскай меншасці.
Па словах удзельнікаў акцыі, дыктатар Лукашэнка не ўспрымае мовы дыпламатыі. І таму надышоў час размаўляць з ім толькі мовай ультыматумаў. Галоўны ўльтыматум:
Калі палітвязні не будуць вызвалены, то межы беларусі з еўразвязам будуць зачынены для ўсіх грузавых цягнікоў.
Паводле ўдзельніка ўжо другой такой акцыі Анатоля Фёдарава, сёння гэта адзіная магчымасць вызваліць палітвязняў. У МЗС таксама перададзена петыцыя на імя міністра Радаслава Сікорскага з патрабаваннем прыняць больш жорсткія меры да рэжыму Лукашэнкі і запатрабаваць вызвалення палітзняволеных.
У якасці крайняй меры прапанавана часова спыніць рух грузавых цягнікоў з Беларусі, таксама Расіі й Кітая, у ЕС, да выканання патрабаванняў.
Фёдараў заверыў, што аналагічныя акцыі не спыняцца. Бо толькі ад кожнага з нас залежыць жыццё і лёс людзей, якія ўтрымліваюцца бандытамі ў нечалавечых умовах.