Іншыя артыкулы

Памятаеце, як у 2023 годзе абмежавалі набор на хірургаў для жанчын?

Мы праверылі, як сітуацыя выглядае сёння
Летам 2023 года Міністэрства аховы здароўя РБ зрабіла рэзанасныя змены для студэнтаў медычных універсітэтаў. Тады ўвялі «квоты» для жанчын на спецыялізацыях хірургіі ды анэстэзіі. Згодна з гэтымі «квотамі», жанчынам адводзілася нашмат менш месцаў, чым мужчынам.

Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава тады неафіцыйна каментавала гэтыя змены наступным чынам: «Хірургічныя спецыяльнасці — гэта справа мужчын, у тым ліку анэстэзіялогія ды рэанімацыя».

Мы атрымалі доступ да афіцыйных дакументаў, дзе фігуруюць «квоты» на адукацыю жанчын на хірургаў ды анэстэзіёлагаў і рэаніматолагаў на 2025/2026 навучальны год. І вось нашыя кароткія высновы:

  • Жанчынам-студэнткам адводзіцца ў сярэднім 38.7% хірургічных спецыяльнасцяў і 36.8% анэстэзіялагічна-рэаніматалагічных спецыяльнасцяў
  • Лічбы розняцца ад універсітэта да ўніверсітэта: менскі БДМУ мае амаль аднолькавыя квоты для мужчын і жанчын — але тры іншых медычных вну краіны ў сярэднім аддаюць для мужчын у 2 разы больш месцаў, чым для жанчын-студэнтак. Апошняе тычыцца гомельскага, гарадзенскага ды віцебскага медычных універсітэтаў.
  • Для параўнання: ў сярэднім жанчын каля 80% на бюджэтных месцах медычных вну (і каля 73% на ўсіх формах адукацыі медуніверсітэтаў), што мы падлічылі падчас аналізу паімённага спіса залічаных студэнтаў у гарадзенскі медычны ўніверсітэт у 2026/2027 годзе.
  • Памеры квот у залежнасці ад гендара прызначаюцца не рашэннямі ўніверсітэтаў, а загадам зверху (ад Міністэрства аховы здароўя).
  • Насамрэч створаную сістэму правільней называць «прыярытэтнымі квотамі для мужчын». Гэта вынікае і з лічбаў квот, і з тэкста загада Міністэрства аховы здароўя РБ, дзе вызначаецца парадак фармавання груп па субардынатуры на 2025/2026 год. Загад прама кажа: «мужчынскія» месцы для хірургаў могуць занімаць жанчыны, толькі калі мужчыны-студэнты не змаглі іх запоўніць.
Цалкам жа лічбы квот для розных універсітэтаў згодна з тым жа Загадам на 2025/2026 навучальны год выглядалі такім чынам:
З дадзеных бачна, што для розных медычных універсітэтаў усталёўваюцца розныя квоты для мужчын на хірургічных (анэстэзіялагічных-рэанімацыйных) спецыяльнасцях. На фоне астатніх вылучаецца менскі медычны ўніверсітэт.
З аднаго боку, відавочны кантраст: сярод студэнтаў медычных універсітэтаў нашмат больш дзяўчын і жанчын. Але на хірургічныя (анэстэзіялагічна-рэанімацыйныя) спецыяльнасці ім адводзіцца дзесьці палова месцаў, дзесьці толькі траціна.

Адзначым, што згодна з даследваннямі, пасляаперацыйныя вынікі ў жанчын-хірургаў звычайна лепшыя (менш смерцяў, ды ў іх радзей развіваюцца пасляаперацыйныя ўскладненні у выпадку пацыентаў-жанчын).

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-10-16 15:38