Навіны

-1 палітвязень: выйшаў з калоніі Дзмітрый Абрамук

Яго судзілі спачатку па «карагоднай справе», пасля ўзмацнялі пакаранне
Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», Дзмітрый Абрамук вызваліўся з наваполацкай калоніі 22 красавіка 2023 года.

Нагадаем, што першапачаткова палітвязня асудзілі да 2 год «хіміі» (абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову) па «карагоднай справе» (за акцыю пратэсту, якая адбылася 13 верасня 2020 у Берасці). Пасля «дадалі» яшчэ 1 год па артыкулу «Абраза Прэзідэнта РБ».

І пакуль Абрамук адбываў пакаранне ў ПУАТ №9, ён сутыкнуўся з ціскам з боку адміністрацыі. У выніку на мужчыну склалі шмат рапартоў аб парушэнні рэжыма, з-за чаго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар. З-за такіх рапартаў (якія былі, напрыклад, за адмову ад прыбірання туалетаў) адбыўся суд па змене «хіміі» на калонію. У выніку 1 год 1 месяц і 16 дзён Абрамук дасядзеў у калоніі №1. У калоніі ціск на вязня працягваўся і вядома, што там яго адпраўлялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
2023-04-26 19:06