Навіны

Ушанаванне герояў-беларусаў бітвы пад Монтэ-Касіна

18 траўня 2024 года, Варшава. Фота берасцейскай «Вясны»
18 траўня 2024 года беларусы Варшавы прышлі да помніка бітве пад Монтэ-Касіна, каб ушанаваць памяць герояў-беларусаў і ўскласці кветкі.

80 гадоў таму 18 траўня былі завершаны баі пад Монтэ-Касіна перамогай Польскага корпуса пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Гэта адна з найбольш важных і вельмі жорсткіх і крывавых бітваў, у якой прымалі ўдзел і заходнія беларусы. Беларусы і палякі цаною сваіх жыццяў адкрылі саюзнікам дарогу для вызвалення Рыма.

І калі польскія жаўнеры, удзельнікі гэтай бітвы, атрымалі пашану, гонар у сваёй дзяржаве і ў памяці нашчадкаў, то заходнія беларусы, якія выжылі ў гэтай бітве, выпілі чашу пакутаў да дна. Савецкі Саюз зазываў вярнуцца на радзіму «андэрсаўцаў», якія аселі за мяжой, пераважна з дапамогай генерала Андэрса ў Велікабрытаніі. Ім была абяцана добрае жыццё ў СССР. Многія паверылі савецкай ілжывай прапагандзе і вярнуліся дадому. Але пажыць на радзіме ў сваіх сем'ях ім не далі. Новая ўлада, якая «вызваліла» заходніх беларусаў ад «панскага прыгнёту» у 1939 годзе, асудзіла ваяроў-андэрсаўцаў і разам сем'ямі яны былі адпраўлены ў лагеры Сібіры і Усходу. Пасля смерці Сталіна, хто застаўся жывы, вярнуліся дадому, але ветэранамі вайны іх не лічылі і пра свой удзел у гэтай бітве стараліся маўчаць, расказвала раней жыхарка г. Бярозы журналістцы Беларускага Радыё Рацыя Валянціна Трапачова пра свайго айчыма. Яна, дачка загінулага падчас вайны жаўнера Чырвонай арміі, трапіла пасля вайны ў Сібір разам з маці, айчымам і маленькай сястрой. Вярнуліся хворыя, у іх доме ўжо жылі іншыя людзі, яны вымушаны былі туліцца па здымных кватэрах, а маці-настаўніцы пачатковых класаў улада не дазволіла вярнуцца ў школу. Валянціна Трапачова доўга змагалася за рэабілітацыю айчыма.

Таццяна Малашчанка расказала прысутным ля помніка пра цяжкі лёс другога ваяра, настаўніка беларускай мовы з Баранавічаў Зміцера Жука. Ігар Станкевіч, прадстаўнік Беларускага інстытута публічнай гісторыі, патлумачыў з гістарычнага боку, чаму савецкая прапаганда практычна не згадвала пра Заходні фронт: каб паказаць «выключную ролю» СССР у перамозе над нацызмам.

Ксёндз Вячаслаў Барок звярнуў увагу на тое, што пра гэту бітву і яе ветэранаў не згадваюць у Беларусі да гэтага часу. Лукашэнка ўсе 30 гадоў праўлення ў «лепшых» традыцыях працягвае і благаслаўляе дзейнасць НКВД-КДБ у сучаснай Беларусі. Затое Польшча не забыла беларускіх ваяроў бітвы пры Монтэ-Касіна, і яны або іх сваякі атрымалі ўзнагароды праз польскую амбасаду на пачатку незалежнай Беларусі.

Вячаслаў Сіўчык — прадстаўнік Руху Салідарнасці «Разам» — агучыў мару пра помнік бітве пры Монтэ-Касіна ў незалежнай дэмакратычнай Беларусі.
Made on
Tilda