Навіны

Гундару дайшла пасылка з новымі наканечнікамі для мыліц

Папярэднія гумавыя наканечнікі сцерліся, і палітвязень не мог выходзіць на прагулкі
Уладзімір Гундар да зняволення
Як стала вядома берасцейскай «Вясне» ад абазнанай крыніцы, ў нядзелю 17 снежня 2023 нечакана адбылася тэлефонная размова Уладзіміра Гундара з сям'ёй.

На размову было ўсяго 15 хвілін. Сваякі запэўніліся, што Уладзімір не ў ШІЗА. Калі не ў ШІЗА, то можна раз у месяц званіць родным, хаця пра званок заранёў ніхто не папярэджвае. На пачатку размовы Уладзімір адразу сказаў, што гаварыць яму асабліва няма аб чым. Стан здароўя нармальны, пігулкі атрымлівае, пасылку з наканечнікамі для мыліц, абуткам, бялізнай і ўсім патрэбным ён атрымаў. Больш прасіў расказаць пра тое, як жыве сям'я. Толькі чамусьці пасылку затрымалі на два тыдні, хаця нічога недазволенага ў ёй не было. У родных яшчэ ёсць магчымасць даслаць 50 кілаграм ежы, але за адзін раз, што вельмі нязручна. Але такую пасылку можна дасылаць раз у год.

Раней выдане «Радыё Свабода» паведамляла, што праз тое што ў Гундара сцерліся гумавыя наканечнікі мыліц, ён не мог выходзіць на прагулкі. Уладзімір Гундар мае інваліднасць праз адсутнасць адной нагі.

Нагадаем, што палітвязень з Баранавічаў асуджаны да 20 гадоў калоніі. Адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі №2, 9 кастрычніка пераведзены на 3 гады ў крытую магілёўскую турму №4.
Made on
Tilda