Навіны

Абвінавачаныя па "групе Аўтуховіча" заявілі, што на іх узмацніўся ціск, ды назвалі прозвішчы адказных за гэта

Абвінавачаным цяпер могуць адпомсціць, мяркуе жонка Гундара

6 палітвязняў з берасцейшчыны, якіх судзяць па "справе групы Аўтуховіча". Першы радок: сям'я Рэзановічаў. Другі радок: злева сям'я Мельхераў, справа Гундар.

Жонка палітвязня Уладзіміра Гундара з «групоўкі Аўтуховіча» Алена Гундар вельмі перажывае, што пасля абнародавання звароту чатырох фігурантаў справы пра пагрозу іх жыццю і здароўю з боку названых імі асоб, гэтым вязням будуць помсціць. Мелі смеласць падпісаць зварот Уладзімір Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер.

Нагадаем, што гэтыя палітвязні заявілі, што ім наўмысна ствараюцца ўмовы, з-за якіх іх жыццё ды здароўе зараз пад пагрозай. Ды назвалі пэўныя імёны людзей, якіх лічаць датычнымі да гэтага: гэта палкоўнік КДБ А.Варанецкі, следчыя П. Церашонак, А. Галавач, Лаўранчук, Герасімовіч, суддзя М.Філатаў, пракуроры У. Рабаў, Л.Герасіменка, начальнік турмы №1 П.Казакоў, намеснік начальніка турмы С.Станеўскі, начальнік рэжымнага аддзела В.Коршунаў.

Паводле Алены Гундар, групе пенсіянераў і інвалідаў так званых «экстрэмістаў і тэрарыстаў» было і так невыносна цяжка, цяпер жа, калі "справа практычна развальваецца", на вязняў узмацніўся ціск. Напрыклад, анкахворая Галіна Дзербыш, інвалід 2 групы, пасля пасцельнага рэжыму... адразу трапіла ў карцар. Пры гэтым у карцары ўмовы не з лёгкіх: няма навінаў, ліставання, нельга чытаць кнігі, ды застаецца толькі з 6 гадзіны да 22 вечара або сядзець на маленькай табурэтцы, або хадзіць.

У чарговы раз у карцар змясцілі і Гундара. Гэтым разам падставай для гэтага стала тое, што мужчына адмаўляеца пры праверцы казаць, што ён "схільны да экстрэмізму". Каб перажыць умовы карцару, ён па ўнутранаму гадзінніку паўгадзіны ходзіць, паўгадзіны стаіць, паўгадзіны сядзіць, паўгадзіны чытае малітвы, паўгадзіны складае ў памяці вершы-складанкі, а цяпер пачаў па паўгадзіны спяваць. І гэта нягледзячы на тое, што Гундар — інвалід 2 групы, які не мае нагі.

«Працуючы бібліятэкарам і шмат чытаючы, я нават у буйных фантазіях не магла ўявіць, што 37 год сталінскіх рэпрэсій вернецца», — каментуе ўсё, што абдываецца з палітвязнямі, Алена Гундар.
Made on
Tilda