Навіны

30 год «Вясны» адзначылі ў Варшаве

Алесь Бяляцкі, 21.04.2026, Варшава. Фота: Берасцейская Вясна
У Варшаве прайшло адзначэнне 30-годдзя праваабарончага цэнтра «Вясна», адной са старэйшых і вядомых беларускіх праваабарончых арганізацый.

На імпрэзу сабраліся сябры «Вясны», што жывуць у Польшчы, прыйшлі кіраўніцы Кабінета і Офіса дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, рэдакцыі «Белсату» Аліна Коўшык, ПЭНу Таццяна Нядбай, генеральны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, амбасадар Нідэрландаў Еннэс дэ Мол і прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый.

Пачалася вечарына з ўручэння Святланай Ціханоўскай Крыжа Свабоды кіраўніку «Вясны», Нобелеўскаму лаўрэату міра, былому палітвязню Алесю Бяляцкаму ад Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. Алесь Бяляцкі першым атрымаў гэтую ўзнагароду.

Сябрам «Вясны»было сказана шмат добрых слоў і пажаданняў, уручана шмат падарункаў. Кожны выступ — гэта словы падтрымкі вясноўцам у іх нялёгкай працы ў гэтыя жахлівыя часы, якія стварыў рэжым у Беларусі. Вясноўцы ўжо 30 гадоў падтрымліваюць людзей у цяжкай сітуацыі парушэння правоў чалавека. Самі за гэта пацярпелі: некаторыя апынуліся за кратамі, атрымалі вялікія тэрміны. Рэжым выціснуў з краіны астатніх, каб людзі унутры Беларусі засталіся без падтрымкі. Але «Вясна» працягнула працу і за мяжой, дапамагае людзям як унутры краіны, што цяпер рабіць нашмат складаней, так і выгнаным, якія апынуліся на чужыне ў складанай сітуацыі.

«Вясна» не спыніла сваёй дзейнасці, а наадварот пашырыла працу. Ёсць магчымасць аказваць псіхалагічную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» працаваў, працуе і будзе працаваць нават тады, калі Беларусь стане дэмакратычнай. Але гэта ўжо будзе новая гісторыя «Вясны».
Made on
Tilda