Навіны

Дзяржаўны дзень адзінства ў Івацэвічах

Савецкі сцяг на велапрабегу 17 верасня 2025 года, Івацэвічы, Беларусь. Крыніца фота: Івацэвіцкі веснік
Пасля 2020 года рэжым узяўся за патрыятычнае выхаванне беларусаў, каб у будучым замбіраванае насельніцтва не выйшла на плошчы супраць рэжыму.

Любыя даты, асабліва тыя, што супраць Захаду, святкуюцца на ўра. Напрыклад, узяць дату 17 верасня 1939 года, калі Сталін, згаварыўшыся з Гітлерам, напаў на Заходнюю Беларусь, якая была ў складзе Польшчы, з «высакароднай» мэтай аб'яднаць Заходнюю і Усходнюю Беларусь. З таго часу 17 верасня было на шыльдах вуліц і плошчаў, але беларусы ў абсалютнай бальшыні нават не ведалі, што яно азначае, святкавання гэтай даты не было ніколі да 2020 года. А вось цяпер тыя, хто русіфікуе насельніцтва і нішчыць усё беларускае, схамянуліся. Бо тут брудную прапаганду можна скіраваць супраць Польшчы.

У Івацэвічах на Берасцейшчыне адбыліся парад, велапрабег, канцэрт. У школах для вучняў усіх класаў былі прадугледжаны флэшмобы, акцыі, падрыхтоўка малюнкаў, лінейка, інфармацыйныя гадзіны і адзіны ўрок. Дзеці стаялі з чырвона-зялёнымі сцяжкамі на лінейках, потым у класах, потым ля помніка савецкіх салдат.
17 верасня 2025 у СШ №1 Івацэвічаў. Крыніца фотаздымкаў: сайт школы
Таксама ладзіліся гутаркі з удзелам старшага інспектара крымінальна-выканаўчага аддзелу ў параднай форме Анастасіі Бахур. Куды ж без гэтых «суперпатрыётаў» з Івацэвіцкага РАУС, якія ў 2020 годзе прадэманстравалі сваю «адданасць» аб'яднанай Беларусі. Прымусілі «любіць» Лукашэнку дубінкамі, светлашумавымі гранатамі, слёзатачывым газам, а потым турмамі і калоніямі ва ўмовах ГУЛАГаў, куды заганялі нашых продкаў з Заходняй Беларусі адразу пасля далучэння. Пераемнасць, як кажуць, бясспрэчная.
17 верасня 2025 у СШ №3 Івацэвічаў. Крыніца фотаздымкаў: сайт школы
Made on
Tilda