Тэлеграм-чат «СИЗО-6 Барановичи/Брест» прызнаны часткай «экстрэмісцкага фармавання»
9 красавіка 2026 на сайце Міністэрства Унутраных Спраў абнавіўся спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў». Пад нумарам 349 цяпер там «экстрэмісцкае фармаванне "СИЗО № 1 Колядичи"». У прыдуманае ўладамі аб'яднанне ўключаны некалькі вайбер-чатаў, ВК-суполак і тэлеграм-чатаў.
Для тэлеграм-чатаў пазначаны толькі ID. Адзін з гэтых ID адпавядае чату «СИЗО-6 Барановичи/Брест».
Іншыя чаты, якія прыпісалі «фармаванню» — для сваякоў іншых СІЗА, турмаў і калоній (прычым у чатах не толькі і не столькі сваякі палітвязняў — там блізкія ўсіх зняволеных той ці іншай установы).
Што гэта значыць для ўдзельнікаў чата:
Супраць удзельнікаў чата ўлады могуць ужыць крымінальныя артыкулы 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) ці арт.361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Праваабаронца: «гэта спроба ціску на людзей, каб пазбавіць іх падтрымкі і салідарнасці»
Юрыст «Вясны» Павел Сапелкаадзначыў, што такія чаты — гэта рэакцыя людзей на недахоп зразумелай і празрыстай інфармацыі ў адкрытых крыніцах пра пенітэнцыярную сістэму. А пераслед удзельнікаў гэтых чатаў — спроба ціску на людзей, каб пазбавіць іх падтрымкі і салідарнасці.
«Прызнанне буйных чатаў СІЗА і калоній "экстрэмісцкімі фармаваннямі" — гэта чарговы этап сістэмнага ціску на нізавые структуры грамадства, а роўна — на самаарганізаваныя нефармальныя суполкі. Таксама ўскосна гэта падзейнічае і на сітуацыю з палітзняволенымі і іх роднымі. Менавіта ў такім парадку я б адзначаў гэтыя праблемы. Такія чаты фактычна выконваюць выключна гуманітарную і бытавую функцыю — людзі абменьваюцца інфармацыяй пра перадачы, спатканні, умовы ўтрымання. Але ўлада імкнецца крыміналізаваць нават гэтыя формы самаарганізацыі і ўзаемадапамогі, каб ізаляваць людзей адзін ад аднаго і пазбавіць іх падтрымкі.
Важна разумець, што самі гэтыя чаты з’явіліся не з палітычных прычын. Гэта натуральная рэакцыя людзей на недахоп інфармацыі і празрыстасці. Яны з’явіліся ў сетках у розным выглядзе адразу, калі людзі ўбачылі сэнс і магчымасці аб’ядноўваць высілкі і інфармацыю. Сваякі вязняў часта застаюцца сам-насам з сістэмай, без выразных правілаў, без тлумачэнняў, што можна, а што нельга. Таму яны пачынаюць аб’ядноўвацца, каб дзяліцца досведам: што перадаць, як праходзіць спатканне, якія ёсць абмежаванні, як звярнуцца да адміністрацыі: для родных зняволенне сваяка – гэта рэальна складанае новае жыццё. Па выніку такія суполкі – гэта інструмент базавай узаемадапамогі, якая ўзнікае там, дзе дзяржава не выконвае сваю інфармацыйную функцыю.
На маю думку, тое, што цяпер адбываецца, – гэта і спроба запалохвання. Калі нават размовы пра каўбасу ці цёплае адзенне для вязняў могуць стаць падставай для пераследу, гэта выразны сігнал усім грамадзянам: любая ваша актыўнасць можа быць пакарана»
Сутыкнуліся з парушэннем правоў? Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна