Іншыя артыкулы

Да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі

Учора трулі радыяцыяй, а сёння свінцом ды квасам…


Праваабаронца Ўладзімір Вялічкін пра тое, што ён сваімі вачыма пабачыў на поўдні Беларусі ў 1986 годзе. Ды як гэта звязана з днём сённяшнім.

Акцыя ля вёскі Струга (Берасцейская вобл.) 25.04.2004

У 1986 годзе я навучаўся на 4 курсе Менскага інстытуту замежных моваў – “інязу”. 27 красавіка да нас у групу завітаў мой сябра і расказаў, што здарылася нешта надзвычайнае, таму што ягоныя знаёмыя студэнты з “палітэху” расказалі яму, што ў Акадэміі навук прыборы, якія рэгістрыруюць узровень радыяцы “зашкаліла”! Мала таго “галасы” паведамілі, што ў Швэцыі гэта таксама зарэгістравана і мяркуюць, што эпіцэнтар выпраменьнванья знаходзіцца на тэрыторыі Савецкага Саюзу і што трэба спажываць ёд!!!

Саюзныя сродкі масавай інфармацыі адмоўчваліся амаль тыдзень. Дзяўчатак з “інязу” і іншых навучальных устаноў рэгулярна ў дабраахвотна-прумусовым парадку з голымі ручкамі і ножкамі выправажвалі на рэпетыцыі Першатравенскай дэманстацыі, дзе яны з энтузіязмам вучыліся махаць штучнымі кветкамі ў падзяку КПСС, КПБ і Палітбюро за клопат аб дабрабыце і здароў’і савецкага народу пад пякучым травенскім сонцам.

Нягледзячы на маўчаньне савецкай прэсы – усе ўсё ўжо ведалі. Ня ведалі толькі ў якіх дозах прымаць ёд, а таму медперсанал шпіталёў і паліклінік інтэнсіўна займаўся папаленымі глоткамі.

Стыхійна пачаўся масавы зыход насельніцтва з пацярпелых раёнаў і ў першую чаргу сваякоў кіраўнікоў, медыкаў і народнай інтэлігенцыіі за імі пацягнуліся сьведамыя працоўныя масы. І нарэшце аб Чарнобыльскай навале спачатку вельмі нясьмела адгукнулася савецкая прэса. Пачаліся прызыў рэзэрвістаў у забруджаныя раёны і эвакуацыя. Падтрымліваць парадак падчас эвакуацыі і пільнаваць апусьцелыя гаспадаркі ў адсельваемых населеных пунктах кінулі міліцыю.

Помнік выселеным вёскам Нараўлянскана раёну

У мяне было шмат знаёмых у “медзе”, і я даведаўся, што студэнты замяняюць медыцынскі персанал ў паліклініках і шпіталях, таму што значная частка медработнікаў, як вайсковаабавязаныя, зацягнутыя ў войска на ліквідацыю. Лекары шпіталёў раілі медсёстрам не начаваць дома, таму што ў войска медсёстраў забіралі з хат супрацоўнікі ваенкаматаў пры дапамозе міліцыі, і ў шпіталях не было каму глядзець за хворымі.

У восень 1986 годы надыйшла чарга і студэнтаў “інязу”. У “іняз” прыйшло пісьмо з Міністэрства Адукацыі, што ў забруджаных раёнах нехапае настаўнікаў і тэрмінова трэба 4 “дабраахвотніка”. Рэктарат спачатку зьвярнуўся да актывістаў і “стукачоў” 5 курса, якія толькі што вярнуліся са стажыроўкі ў Англіі. Рэакцыя была красамоўнай – тыя катэгарычна адмовіліся ехаць, маўляў: “Мы меліі практыку за мяжой, і гэта больш важкае, чым Ваш дыплом. А ў дадатак паспрабуйце выгнаць актывістаў камсамолу і партыі! Што ў сьвеце скажуць?”

Тады ў ректарат былі выкліканыя тыя дзяўчыны, якія мелі праблемы з навукай і ўсе хлопцы. Запускалі па аднаму ў кабінет рэктара, там паўкругам засядала амаль усё кіраўніцтва “інязу”, зіхацелі зоркі ахвіцэраў-выкладчыкаў вайсковай кафэдры.
“РАДЗІМА Ў ЦЯЖКОЙ СІТУАЦЫІ! ТРЭБА! ВЫ ЗГОДНЫЯ ПАЕХАЦЬ?”
Адказ быў аназначным: “НЕ!” Усе адмовіліся. Тады размова патачылася інакш.

Ізноў запускалі па аднаму, толькі гэтым разам дзяўчатам: “Адмовішся ехаць – сэсію не здаш, а так можаш выбіраць. Які раён з чатырох табе больш падабаецца?” Хлопцам (Усе ўжо адслужылі ў войску):
“Не захочаш ехаць – дык не ў адно з 4 прапанаваных месцаў паедзеш, а на сам рэактар – позву ў войска дамо, “папартызаніш” поўгода, а пасьля размяркуем у забруджаныя раёны!”

Гэтым разам згадзіліся ехаць усе. Месцаў было толькі 4, а таму рэктар “інязу” КРАСНОВА, каб іншым не прыходзіла ў галаву спрачацца з кіраўніцтвам інстытуту, пазваніла ў міністэрства і папрасіла: “У нас яшчэ 29 дабраахвотнікаў ёсьць! Забясьпечце іх працай у пацярпелых раёнах!”

Паехалі ўсе. Падчас гутаркі “дабраахвотнікаў” з тагачасным сакратаром парткому інстытута Бараноўскім, ён расказаў, што калісьці яго выклікалі і прапанавалі паехаць у Афганістан, на што ён адказаў: “Мне трэба падумаць!” Калі ж ён падумаў – месца ўжо было занятае, і зараз ён вельмі шкадуе, што ня змог рэалізаваць сваё патрыятычнае памкненьне.

На нашую ж думку ён быў адным з тых засраных баязліўцаў у Беларускім кіраўніцтве на якіх так багатая Беларуская зямля. Лепш бы маўчаў!


Я трапіў на працу настаўнікам англійскай мовы ў Вербавіцкую сярэднюю школу, што ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці.

Калі ў інстытуце выпраўлялі ў Чарнобыльскія раёны абяцалі двайны заробак, харчаваньне, жытло. Насамрэч апынулася наадварот.

Працаўладкаваўся я ў Вербавічах у сьнежні. Усе спадзявалісь, што сьнег прыкрые зямлю і радыяцыйны фон зьнізіцца. Мне выдзелілі пакойчык пры школе: вялізнае вакно с такімі вялізнымі шчылінамі паміж рамай і мурамі, што не было магчымасьці іх добра заканапаціць, калі веяў вецер – заслоны адхоляліся на 45 градусаў, групка была малая, цяпла не трымала, і цёпла было толькі да той пары, пакуль я кідаў у яе дровы. Калі ад стомы запыняўся – натуральна замярзаў.

Быў у школе цэнтральны абагрэў і свая кацельная, але старшыня каўгасу падключыў да яе акрамя школы свой прыватны гараж. Кацельная малая, і калі цяпла дзеля гаражу было дастаткова, дык дзеці ў школе муселі сядзець на ўроках у футрах і валенках, я ж гібеў у сваім пакойчыку і ў дзень і ў начы ад холаду.

З харчаваньнем справы выглядалі наступным чынам: кожнаму жыхару калгасу паложаны быў паёк – на месяц 1 бутэлька гарэлкі (выводзіць радыёнуклеіды), кіло кансэрваванай тушонкі (у нас была кітайская) і так нейкія неістотныя дробязі. Ясна, што на такім пайку месяц не працягнеш. Мясцовыя муселі, нягледзячы на забарону, карыстацца сваімі хатнімі запасамі. Паёк мне не палагаўся – я ня быў там прапісаны. Дырэктар школы парупіўся і я быў уключаны ў спісак на паёк, як працоўнік школы, і меў атрымліваць яго ў вясковай краме. Але напрацягу 2 месяцаў прадаўшчыца ня толькі не выдавала мне паёк, казала, што мяне ў сьпісах няма, але й адмаўляла прадаваць харчаваньне, што было на паліцах крамы. Зразумела, што мясцовым самім жэрці не было чаго, адкуль яшчэ яны маглі ўзяць “чыстыя” харчы хаця б для дзяцей. А таму каб атаварыцца мусеў я езьдзіць у Нароўлю, а часам яшчэ далей. Неўзабаве мне прапанавалі працаваць яшчэ і ў Нараўлянскай сярэдняй школе. Дырэктар гэтай школы меў большыя ўплывы ў раёне і запісаў мяне на харчаваньне, як бацьку 5-х дзетак. Ад гэтага часу пытаньне ежы мяне хвалявала меньш.

Памятаю сьмешны, але красамоўны выпадак. Калі я першы раз сказаў прадаўшчыцы ў нараўлянскай краме, што ў мяне 5 дзяцей, яна, гледзячы на маю маладосьць, спытала: “А колькі малодшаму год?” Я на тое: “1”. Яна: “Грудныя мяса не ядуць!” І я атрымаў адным пайком меней. Больш я такіх памылак не рабіў.

Нечакана праца 2 дні ў Нароўлі і 4 ў Вербавічах вырашыла яшчэ адну праблему. Ад райцэнтра да вёскі каля 9 кілямэтраў. Аўтобусы хадзілі кепска (толькі ў Кіраў і ў гадзіны, якія мне не адпавядалі). З-за марадзёраў мясцовым вадзіцелям не раілі падвозіць нават сваіх знаёмых. А таму самым надзейным сродкам транспарту апынуліся ўласныя ногі. Пешкі 9 кілямэтраў у мароз трошкі незручна – замерзаеш. Таму я бегаў.

Часамі на скрайку лесу паабапал дарогі зьяўляліся зграі ваўкоў, і тады па-сапраўднаму рабілася жудасна. Мясцовыя ж гаварылі, што не ваўкі, а зграі зьдзічэлых сабак, якіх пасьля эвакуацыі насельніцтва засталося многа, былі небясьпечнымі – яны галодныя, злыя і не баяцца нападаць на чалавека.

Бег разаграваў мяне, і, на зьдзіўленьне, я заўважыў, што нарэшце ў пакоі, дзе я жыў, і дзе замярзала вада ў шклянцы, я магу заснуць на сваім дзерманцінавым спартовым маце, які быў мне за цюфяк, з упэўненасьцю, што раніцай абуджуся жывым.

Адна прабежка давала мне ладунак энэргіі на два дні.

Што тычыцца двайных заробкаў, дык іх не плацілі, але той, хто быў там прапісаны, атрымліваў 15 рублёў “грабавых”. Калі я паспрабаваў высьвятляць пытаньне абяцаных двайных заробкаў у старшыні Нараўлянскага РАНА Фешчанка Д.М., ён мне патлумачыў: “Твой другі заробак – стыпендыя”. Мяне гэта не задаволіла, і мая далейшая цікавасьць у гэтым кірунку настроіла яго супраць мяне і ў будучыні выразна выявіла безсаромную хамскую сутнасьць гэтага “народнага” інтэлігента.

Аднойчы я наведаў інстытут і паведаміў прарэктару і ў партком, што бедных студэнтаў мясцовая ўлада “апранае ў лапці” і пазьней упэўніўся, што зрабіў гэта своечасова і правільна.


Сярэдняя школа ў Вербавічах – гэта дзьвухпавярховы сучасны будынак з белае цэглы пры дарозе з Нароўлі на Кіраў. У йім былі цэнтральны абагрэў, які ня грэў, сантэхнічныя выгоды, якія ня дзейнічалі. З-за чаго дзеці, якіх нельга было выпускаць на вуліцу з-за павышанага радыяцыйнага фону, муселі бегаць па сьнегу ў звычайны вясковы “срач” досыць далёка за будынак школы. Школа была Беларуская. Я быў адзіным рускамоўным настаўнікам, але праблемы з мовай ня меў – ва ўсёй школе падручнікі былі толькі на Беларускай мове (акрамя рускай мовы і літаратуры). Настаўнікаў было няшмат: дырэктар, ягоны сын, я і бібліятэкарка, потым прыслана дзьвух студэнтаў з Менскага інстытуту фізычнай культуры, якія вельмі хутка адзін за другім зьбеглі, як шмат іншых “добраахвотнікаў”. Невядома за што саслана дзьвух студэнтак з Гарадзенскага вучылішча настаўнікаў пачатковых клясаў, гэтыя ўвесь час енчылі, што пайсьці няма куды, і няма з кім, і дзеці ў школе сьмярдзяць – перабіваюць водар іхніх заходніх парфюмаў.

Вучняў у клясах было ад дзьвух да дзевяці чалавек, звычайна 5-7. Гэта былі тыя дзеці, якія на кароткі час заяжджалі ў Вербавічы каб пабачыцца з бацькамі ў перыяды паміж аздараўленьнямі. Яны вельмі абураліся, калі за невыкананае заданьне атрымлівалі двойку. Яны казалі, што на “здаровых” тэрыторыях СССР ім ставілі добрыя адзнакі за тое, што яны “Дзеці з Чарнобыльскай Зоны”! Настаўнікаў на ўсе прадметы нехапала і я мусеў выкладаць акрамя англійскай мовы, алгебру, геаметрыю, фізкультуру, нешта яшчэ (усяго ўжо не памятаю) і пачатковую вайсковую падрыхтоўку. У рамках апошняй я мусеў здымаць ўзровень радыяцыйнага фону ў вёсцы з дапамогай адпаведнага даўно састарэлага абсталяваньня. “Сьвяцілася” ўсё: і плесьнявелыя платы гаспадарак, і гурба вуглю ля дзьвярэй памяшканьня, дзе я жыў, і лаўка на аўтобусным прыпынку, дахі дамоў, зямля месцамі больш, месцамі меньш. Аднойчы заўважыў, што прыбор стаў паказваць тойсама павышаны ўзровень радыяцыі ўсюды. Зразумеў, што яму “гамон” і кінуў дурны занятак.

Час ад часу ў Нароўлю прывозілі нейкае японьскае абсталяваньне, і правяралі якую дозу радыяцыі маюць мясцовыя жыхары. Кожнаму называлі лічбу апраменьваньня. Людзі пераважна ня разумелі што гэта насамрэч, і таму гэтыя незразумелыя лічбы яшчэ больш прыгняталі іх псыхічна.

Калі ў школе нечага не хапала, РАНА замаўляла транспарт і па гэтыя рэчы ехалі па адселеных вёсках, лічылася, што тое, што пад дахам і за зачыненымі дзьвярыма і вокнамі мела прымальны фон.


Па ўсіх тагачасных мерках жыць там было нельга. Але ж людзі працавалі на забруджанай ральлі, вазілі з “чыстых” раёнаў сена для кароў на ферму, якая знаходзілася ў вёсцы Грыдні. Сама вёска аддзеленая ад Вербавіч рачулкай Мытва і была адселеная амаль адразу пасля аварыі на АЭС. Работнікі фермы распавядалі, што каровы падзеленыя на групы. Адну групу кармілі “чыстымі” кармамі, другую “бруднымі” (мясцовымі), а астатнім давалі мешанкі “бруднага” і “чыстага” корма ў розных прапорцыях. У выніку эксперымента шукалі такую прапорцыю, каб на выхадзе ў жывёлагадоўчай прадукцыі быў прымальны для спажывання людзьмі ўзровень утрымання радыёактыўных рэчаваў. Таму мясцовыя жыхары былі ўпэўненыя, што на йіх, як на жывёлах, ставяць чарговыя эксперымэнты.

Лазьня павінна была працаваць круглыя суткі, каб кожны жыхар пасьля работы мог змыць радыёактыўны пыл. Насамрэч баньшчык запускаў людзей толькі на пару гадзінаў у вечары, пасьля таго як старшыня калгасу “зьніме першы парок”... Гэтага благадзецеля заўсёды адпарвала некалькі калгасных халуёў, да якіх старшыня адзываўся выключна па-расейску – матам. Калі трэба было пакараць непаслухмяных вяскоўцаў, дык нехта з гэтых “халуёў”, за гарэлку й нападпітку, мог ганяць небараку з сякерай. Сам жаж старшыня калгасу ў калгасе ня жыў – жыў у райцэнтры.

Мясцовыя жыхары з роспаччу распавядалі як праходзіла эвакуацыя: спачатку вывозілі рэчы, потым выганялі быдла, а людзей вывозілі ў апошнюю чаргу. Ніхто ня верыў газэтам і ўсе клялі савецкую ўладу. Даведаўся, што мясцовыя кіраўнікі сьпецыяльна заніжалі ўзровень радыяцыі каб не адселяць людзей, для таго, каб захаваць Нараўлянскі раён як адміністратыўную адзінку, і захаваць свае пасады.

Аднойчы з адным “дабраахвотнікам” зайшлі паесьці ў Нараўлянскую рэстарацыю. Доўга чакалі афіцыянтку. Часта заходзілі міліцыянты, на хвілінку зьнікалі ў падсобцы і выходзілі аддтуль з бліскучымі вачыма і палаючымі шчокамі. Нарэшче, таксама адтуль, выплыла нашая “доўгачаканая”. Яна таксама “сьвяцілася” як Чарнобыльскі рэактар.
— Што будзеце есьці?
— На першае - суп, на другое - гарнір, нешта яшчэ...
— Што піць будзеце?
— Кампот.
— Я пытаюся, што піць будзеце?!...
— Кампот!
Фыркнула, адыйшла. Мы зразумелі – тут выводзілі радыяцыю. Зрэшта пілі ўсе – пра склад пайкоў я ўжо казаў, а лепшых лекаў ніхто не прапаноўваў.

Аднойчы ў Нароўлю прывезлі дэлегацыю нейкіх важных работнікаў Партыі з Масквы, бачна было, што яны таксама “дабраахвотнікі”. Яны шарахаліся ўсяго і хадзілі па зямлі, як па раскаленых вугольлях. Здавалася, што яны зморшчацца і адлятуць у паветра. Госьці цураліся мясцовых, баяліся нават падаць руку. Гасьцінныя беларусы прапанавалі “маскалям” падсілкавацца, зьесьці тое, што ядуць дзеці ў школе на забруджанай тэрыторыі. Гэта толькі прысьпешыла момант разьвітваньня, ў паніцы, пад насьмешкі прысутных, згубіўшыя рэшткі шацунку прадстаўнікі братняга рускага народу і Камуністычнай Партыі пхаючыся заладаваліся ў свой аўтобус, і зьехалі ў бок Мазыра на пост радыяцыйнага кантролю і дэзактывацыі.

Сесіі і дзярж іспыты мы здавалі разам са сваімі аднакурснікамі на сваіх жа факультэтах, але мы ўжо былі іншыя, мы адчулі тую жудасную роспач насельніцтва пацярпелых раёнаў, якую не зразумее той, хто ТАМ ня быў. Гэта былі 2 дыяметральна розных сьвета: сьвет абыякавасьці і нейкіх неістотных жыцьцёвых дробязяў, і сьвет роспачы, безнадзейнасьці і пачуцьця здраджанасьці. Тойсама тагачасны кіраўнік Беларусі товарищ Сьлюнькоў задбаў пра “старэйшага брата”, адмовіўся ад саюзнай дапамогі на Чарнобыль, і зьехаў у Маскву. Беларусы ж засталіся сам на сам са сваёй бядой.

Калі тэрмін майго 6 месячнага кантракту на працу сконьчыўся, я прыйшоў па працоўную кніжку ў Нараўлянскі РАНА, але замест таго, каб зрабіць адпаведны запіс і развітацца са мной, старшыня РАНА пазваніў у “іняз” да рэктара Красновай і не саромячыся, у маёй прысутнасьці заявіў: “У мяне ваш “дэзэрцір”!” На той час заявіць нешта такое азначала канец кар’еры і ганьньба да канца дзён тваіх і тваіх дзяцей. На шчасьце рэктара не было і ён патрапіў да прарэктара, да якой я зьвяртаўся раней у сувязі з непаразуменьняі з адміністрацыяй раёну. Яна папрасіла даць мне слухаўку і сказала: “Не бойся, я ўсё разумею, папрацуй яшчэ пару дзён да заканьчэньня заняткаў у школе, а з “дзяржіспытамі” я ўсё ўладжу”.

Перада мной стаяў чарговы камуніст-кіраўнік з хамскім мурлом і зьдзекліва ўсьміхаўся ад асалоды. Я ж глядзеў яму ў вочы і думаў: маюць рацыю людзі, калі кажуць: “Няма горшага пана – за пана з хама”.

Мінула шмат год. Былі і чарговая служба ў войску, з палётамі над Белым, Чорным, Міжземным Паўночным марамі, Ціхім і Ледавітым акіянамі, камандзіроўкамі ў Лівію і Сірыю. У мінулым развал Саюзу і маё вяртаньне на Беларусь.

Уладзімір Вялічкін з накладнікам газет, дзе артыкул пра Астравецкую АЭС на першай паласе

Шмат з тых кіраўнікоў Нараўлянскага раёну, якія так пякліся аб захаваньні сваіх пасад, ужо памерлі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Кажуць Фешчанка таксама памёр. Мелі б яны розум і прынцыповую паставу і пачуцьцё адказнасьці за насельніцтва раёну – усё было б інакш. Тагачасны сакратар ЦК КПБ адмовіўся ад саюзнай дапамогі па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС і пазней з’ехаў у Маскву.

Я ніколі не цікавіўся і не атрымліваў ніякіх ільгот. А тут сутыкнуўся зь “ільготнікамі”, якія ніякога дачыненьня да Чарнобыля ня мелі. Стала мне цікава, калі яны маюць, чаму я не маю? Неаднаразова шмат год чынавенства ў Берасьці ашуквала мяне, кажучы, што вёска Вербавічы не ўваходзіць у сьпіс пацярпелых вёсак, а таму нічога мне не паложана. І я махнуў рукой на гэтую безнадзейную справу. Але ж зусім выпадкова ў тым сама кабінеце мне трапіў той спіс, пацярпелых вёсак у рукі. Былі ў гэтым спісе Вербавічы. 12 травеня 1998 году праз 12 год пасьля аварыі на ЧАЭС я атрымаў пасьведчаньне пацярпеўшага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Серыя Г № 095506. Я ніколі не карыстаўся гэтым пасьведчаньнем, і не буду карыстацца – нацыянальны гонар не дазваляе, але зраблю ўсё каб хамы не кіравалі і там больш не гандлявалі Беларусьсю – маёй бацькаўшчынай.

Некалькі гадоў таму ў Берасьці на “радасьць” жыхароў і гасьцей гораду адкрыўся Музей Чыгункі на месцы радыёактыўнай плямы. Грунт з гэтага месца ў 2004 годзе берасцейскія ўлады захавалі каля вёскі Струга, што ў 17 кілямэтрах ад Берасьця побач з вёскай Пажэжын, там пабудаваны радыяцыйны магільнік – з’явілась яшчэ адна радыёактыўная пляма. Ініцыятыву па правядзенні мясцовага рэферэндуму мясцовыя ўлады не праігнаравалі – зрабілі ўсё каб яе не зарэгістраваць. Пакуль цягнуліся рэпрэсіўныя і бюракратычныя фармальнасці, радыёактыўны грунт буквальна за месяц быў часткова вывезены і радыёактыўны магільнік быў пабудаваны ў парушенне праэктных норм. Тагачасны “губернарар” Даўгалёў даўно з’ехаў у Маскву падалей ад радыяцыі. Зараз ужо пабудаваная АЭС у Астраўцы, але праз нейкія парушэнні і недапрацоўкі ў праекце яе ніяк не могуць запусціць. Паліва ў рэактары загружанае, але пры спробах забяспечыць энэргапастаўкі ў энергасеткі ўвесь час нешта выходзіць са строю. Паўстаюць пытанні. Што рабіць, калі на АЭС адбудзецца аварыя? Куды падзець адпрацаванае паліва? Да нас павязуць на гатовы “магільнік”?..

Акцыя ля вёскі Струга (Берасцейская вобл.) 25.04.2004

Нягледзячы на шматгадовыя пратэсты берасцейцаў раённыя і абласныя ўлады ўхвалілі рашэнне аб будове пад Берасцем завода па пераапрацоўцы асоба небяспечных адкідаў акумулятарнай вытворчасці, а насельніцтву патлумачылі: “Акумулятарны завод – гэта інавацыйная вытворчасць, новыя рабочыя месцы, выгада дзяржаве…”, маўляў, у дурняў праскочыць… Карысці ад завода ні берасцейцам ні акаляючаму асяроддзю аніякай – адна шкода. Завод забрудзіць санітарную зону Берасьця, лясы, рэкі, гарацкія вадазаборы, паставіць пад пагрозу жыццё і здароў’е поўмільёна насельніцтва. Людзі абураныя і патрабуюць закрыцця завода. “Чыноўнікі, што ўхвалілі будову з’едуць!” – перакананыя жыхары берасцейшчыны: “А нам тут жыць. Гэта злачынства супраць народа…” Мясцовыя ўлады па-ранейшаму робяць усё, каб насуперак мясцоваму насельніцтву не праводзіць мясцовы рэферэндум… Зараз ва ўмовах незупынных рэпрэсіяў завод АКБ нелегальна працуе, працуе только дзякуючы таму, што пратэстная частка насельніцтва зачышчаная. Сотні экаактывістаў прайшлі праз турмы, штрафы, допыты, пагрозы, прафілактычныя гутаркі і папярэджанні аб “недапушчальнасці парушэння беларускага заканадаўства”... Некаторыя праціўнікі будовы завода АКБ, такія як блогер і праваабаронца Сяргей Пятрухін і ягоны калега-блогер, мясцовы актывіст, Аляксандар Кабанаў ужо 2 гады як за кратамі за сваю грамадзкую актыўнасць.

Я ганаруся землякамі, якія змагаюцца супраць свавольства беларускіх уладаў. Надышоў час Беларусам задбаць пра сябе, пра сваю, Богам дадзеную краіну Беларусь, пра свой дабрабыт, і стварыць грамадзкі кантроль над дзяржаўнымі структурамі. Падчас выбараў 2020 году беларусы канчаткова зразумелі, што ніхто за нас саміх налажваць нармальнае жыцьцё ў Беларусі не будзе. Самае страшнае – духоўны Чарнобыль нашых чыноўнікаў і сілавікоў. Незалежнасць, годнасць і дабрабыт каштуюць. Беларусы пераадолеюць цемрашалаў.

Праваабаронца Ўладзімір Вялічкін

Made on
Tilda