Навіны

Абласная інспекцыя па падатках і зборах не ўнікла ў скаргу праваабаронцы?

Працяг гісторыі «Русецкі супраць падаткавай»

Сяржук Русецкі. Крыніца фота: Радыё Рацыя

Праваабаронца з Бярозы Сяржук Русецкі не згодны з актам камеральнай праверкі, праведзенай па месцы яго жыхарства, Бярозаўскай падаткавай інспекцыяй.

Паводле Сяржука Русецкага, копіі дакументаў, па якіх быў складзены акт камеральнай праверкі, падаткавая атрымала ад Упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Берасцейскай вобласці ў рамках крымінальнай справы, якая не прайшла праз судовае рашэнне на прадмет дапушчальнасці, адпаведнасці рэчаіснасці і адноснасці. Пакуль не будзе вынесены прыгавор суда па крымінальнай справе, у рамках якой была здабытая названая інфармацыя, якая паступіла ў падаткавую, падаткавая інспекцыя не мела і не мае права складаць акт камеральнай праверкі — і тым больш выносіць па яму рашэнне.

На дадзены момант крымінальная справа закрыта. Тым не менш на гэта не звернута ўвагі наогул, як не звернута ўвагі на тое, што пасля складання ў ІМПЗ акта камеральнай праверкі ад 03.03.2022 г. Русецкаму было адмоўлена ў азнаямленні з матэрыяламі, якія сталіся падставаю для яе правядзення. І азнаёміцца з імі праваабаронца змог пасля скаргаў і ўжо пасля прыняцця рашэння ІМПЗ па Бярозаўскім раёне ад 23.08.2022 г. Што ў справе фігуруюць 5 дакументаў, якія не маюць юрыдычнай сілы. Таму што, па сцвярджэнню Русецкага, у некаторых з дакументаў падробленыя подпісы, а ў экспертызе для ўстаўлення гэта факта Русецкаму адмоўлена Бярозаўскім раённым судом. Некаторыя зусім без яго подпісу.

Правабаронца напісаў не адну скаргу на імя начальніка Бярозаўскай інспекцыі, звярнуўся ў Бярозаўскі суд, паскардзіўся ў Берасцейскую абласную інспекцыю па падатках і зборах, у Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, падаў у Берасцейскі абласны суд апеляцыйную скаргу. Адказ ад намесніка начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Берасцейскай вобласці Сяргея Зінчука несуцяшальны:
Камеральная праверка ўсё зрабіла законна. Судовае рашэнне таксама вынесена аб'ектыўна. Бо суд, разглядаючы справу, «ацэньвае доказы па сваіх унутраных перакананнях, заснаваных на ўсебаковым, поўным і аб'ектыўным даследаванні доказаў, якія ёсць у справе (артыкул 241 ГПЛ).

Зінчук ласкава накіроўвае праваабаронцу на далейшае абскарджванне і нават называе, куды. Мабыць, ён проста ўпэўнены ў рэакцыі сваіх калегаў у вышэйстаячых інстанцыях. Такая «ласкавасць» стала хранічнай практыкай ў беларускім праўладным бюракратычным коле.

Таксама атрымаў Сяржук Русецкі паведамленне з обласнога суда, што яго апеляцыйная скарга будзе разгледжана 8 снежня 2022 года.
Made on
Tilda