Навіны

Андрэй Шарэнда пра інтэрв'ю з Палінай на дзяржаўных тэлеканалах

«Гэта яе крык адчаю»
Паліна Шарэнда-Панасюк да зняволення. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
22 сакавіка 2024 года на беларускіх тэлеканалах было прадэманстравана відэа з Палінай Шарэнда-Панасюк з месца яе адсідкі — зарэчанскай калоніі №24. Берасцейская Вясна паразмаўляла з мужам Паліны Андрэем Шарэндам наконт інтэрв'ю Паліны.

Б.В.: Андрэй, ці стала нечаканасцю для вас інтэрв'ю з Палінай на дзяржаўным тэлебачанні і прашэнне аб памілаванні?

А. Ш. : Нечакана, канешне. Але Паліна папросту ратуе сваё жыццё. Паліна дрэнна выглядае, кажу, як чалавек, які добра ведае ўсё пра знешнасць. У яе адутлаваты твар, сінякі пад вачыма, што нават не змаглі схаваць відавочным грымам перад інтэрв'ю. Я ўпэўнены, што Паліна прыняла часовыя правілы гульні проста элементарна, каб выжыць, проста элементарна, каб выйсці на волю і ўбачыць сваіх дзяцей. Прыняла іхнія правілы гульні, каб далей працягваць барацьбу. І ніхто не зможа за гэта яе неяк дакараць. Паліна тры з паловай гады змагалася. Тут збольшага наша віна, што мы не змаглі вызваліць Паліну і іншых палітвязняў. На жаль, тое, што адбываецца з Палінай, адбываецца і з іншымі палітвязнямі.

Б.В. : Мы лічым таксама, што асуджаць нашых палітвязняў за такія відэа нельга, таму што вядома, у якіх яны знаходзяцца ўмовах. Хаця ў фільме паказалі проста санаторныя ўмовы.

А.Ш. : Па відэа відаць, што Паліну завялі ў цалкам пустое нежылое памяшканне, дзе няма асабістых рэчаў, дзе, бачна, што ніхто не жыве, а Паліна падыходзіць выбарачна да нейкага ложка і паказвае, што яна тут нібыта спіць. На маю думку, гэта, магчыма, нядаўна адрамантаваны пакой хутчэй за ўсё на паказуху. У кожнай калоніі ёсць, як кажуць вызваленыя палітвязні, такія ўзорныя памяшканні для правяраючых і ідыёлагаў-журналістаў. Па такім памяшканні і водзяць Паліну. Такая абстаноўка, а таксама пытанні журналісткі, чый Брэст, чыя Вільня, пра літвінізм сведчаць аб тым, што гэта цалкам прапагандысцкі ролік. Я лічу, што нельга дакладна ўспрымаць словы таго, хто знаходзіцца ў палоне, у закладніках сістэмы.
Паліна Шарэнда-Панасюк у калоніі №24 размаўляе з Анастасіяй Бенедзісюк. Скрыншот відэа дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1»
Б.В. : Сапраўды заўважна, што журналістка падштурхоўвала Паліну да патрэбных адказаў. Напрыклад, што дэмакраты намераны аддаць Берасце палякам, хаця Паліна гаворыць дакладна пра інвестыцыі з боку Польшчы, а не пра аддачу.

А.Ш. : Відаць выхапленую нарэзку з размовы з Палінай. Зразумела, калі чалавека выцягнуць з холаду і дрэнных умоў у цёплае, чыстае памяшканне, накарміць, даць патрэбныя медычныя сродкі, то ён можа адказваць на любыя пытанні так, як хочуць ад яго пачуць. Добра ведаючы Паліну, я бачу, што з ёю папрацавалі і псіхалагічна. Што відаць з уручэння фотаздымкаў дзяцей, якіх раней не аддавалі, з віншаваннем з днём народзінаў з уручэннем торта і г.д.

Б.В. : Будзем чакаць вызвалення Паліны. Яна акрамя інтэрв'ю напісала прашэнне аб памілаванні, папрасіла прабачэння ў міліцыянтаў...

А.Ш. : Памілаванне наўрад ці будзе. Паліне засталося 2 месяцы ўсяго да сканчэння тэрміну. Літаральна за дзень да інтэрв'ю з калоніі прыйшоў ліст на наш запыт аб здароўі Паліны. І ў гэтай афіцыйнай адпісцы паведамлялася, што за апошнія 2 месяцы Паліна тройчы пабывала ў ШІЗА. Зразумела, што рыхтаваўся новы тэрмін, які Паліна фізічна проста магла не вытрымаць. Інтэрв'ю Паліны, на маю думку, гэта крык адчаю, сігнал нам усім, каб мы дзейнічалі, а не сядзелі, склаўшы рукі, не чакалі, калі нашых родных «зламаюць» так як Паліну.
Made on
Tilda