Праваабаронца Леанід Судаленка ад 18 студзеня знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3. Цяпер ён знаёміцца з матэрыяламі справы і рыхтуецца да суду.
«Усе апытаныя людзі, а гэта каля 250 чалавек, у прынцыпе, сказалі праўду, нічога не прыдумалі. Прыдумаў толькі вядомы гора-блогер і правакатар „Какойта“ (жыхар Гомля Яўген Катляроў, вядомы сваімі правакацыямі і фэйкамі ў СМІ. — РС). Ён даў супраць мяне паказаньні літаральна назаўтра пасьля майго арышту. Зь ягоных словаў, мы сябры, і я галоўны ў разьмеркаваньні рэсурсаў у Гомельскай вобласьці. Ды Бог зь ім, выклічу яго ў суд і папрашу даведку ад санітараў», — напісаў праваабаронца.
«Па іх вэрсіі, я ва ўсіх выпадках хацеў узначаліць пратэсты! Другая частка, фінансаваньне — гэта дапамога ў выплаце штрафаў, збораў, на адваката. І тут суд паставіць знак роўнасьці паміж гуманітарнай дапамогай і злачынствам? Чырвоны Крыж адзеньне раздае тым, хто мае патрэбу, ці значыць гэта, што ён падтрымлівае злачыннасьць? Суд можа стварыць усьлед за людзьмі ў пагонах небясьпечны прэцэдэнт», — лічыць Судаленка.