Навіны

У жаночай калоніі №24 тэрор працягваецца

Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла, што вядома пра іншых палітвязынак у той калоніі
Як расказала экс-палітзняволеная з Берасця Паліна Шарэнда-Панасюк, у калоніі №24 (Зарэчча, Гомельская вобласць) працягваецца сапраўдны тэрор супраць палітвязынак. Гэта асабліва тычыцца 4 вядомых жанчын-палітзняволеных: Алена Гнаук, Вікторыя Кульша, Вольга Маёрава і Анастасія Пакаташкіна.

З той інфармацыі, што стала вядома, 68-гадовая Алена Гнаук са студзеня 2025 года ў ПКТ. Тэрмін знаходжання можа расцягнуцца на невядомы час. Увесну ёй працягнулі гэты тэрмін за кошт таго, што кінулі ў ШІЗА на 15 содняў толькі за тое, што яна пачаставала людзей на 8 сакавіка цукеркамі. Таксама Алену трымаюць у атачэнні псіхічна хворых зняволеных, якія яе б'юць у ПКТ.

Такая ж самая сітуацыя ў Вольгі Маёравай. Ёй забаронены перадачы, грашовыя пераводы, Вольга слепне. Калі пайшла ў медыях інфармацыя пра тыя страшныя ўмовы, у якіх утрымліваюцца асуджаныя, то калонія, так бы мовіць, зрабіла ласку: завезлі ў мясцовую паліклініку праверыць зрок Вользе. Выстаўлены дыягназ: ірыдацыкліт. Калі гэтую хваробу не лячыць, то Вольга аслепне.

Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, дайшла інфармацыя, што апынулася ў гэтай калоніі Анастасія Пакаташкіна. Анастасію пакаралі трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму па арт.361-2 Крымінальнага кодэкса — Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання. Чаму яна аказалася ў зарэчанскай калоніі, пакуль невядома.

У Вікторыі Кульшы 1 жніўня скончыўся тэрмін апеляцыі. Вядома, што гэта нічога не змяніла. Гэта, як кажа Паліна, абсалютна дэкаратыўныя паперкі, незаконны злачынны прысуд адзін год і 5 дзён.

Па словах Паліны, этапы ў зарэчанскую калонію адбываюцца шэсць разоў на тыдзень. А што тычыцца іх з Вікторыяй, то адразу пасля апеляцыі першым жа этапам перавозілі ў калонію па загаду зверху, ў той час як непалітычныя чакаюць этапу па 2-3 тыдні, нават больш. Па меркаванню Паліны, гэта робіцца для таго, каб палітычным, якім накідваюць арт.411 (Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) пачаць адразу фабрыкаваць, так бы мовіць, парушэнні. Праз 5 дзён іх з Вікторыяй Кульшай адразу ў ШІЗА, а там можна быць колькі захочацца адміністрацыі калоніі, каб зламаць моцных духам ці знішчыць. Палітзняволеная Вікторыя Кульша мусіла выйсці на волю ў красавіку 2025 года па заканчэнні тэрміну. Але яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах чацвёртай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса. Раней ёй ужо тройчы прызначалі пазбаўленне волі па гэтым артыкуле.

Як адзначае Паліна Шарэнда-Панасюк, стан здароўя Вікторыі Кульшы вельмі дрэнны. Яна 6 разоў аб'яўляла галадоўкі супраць беззаконня і ціску. Ёсць перасцярога, што арганізм Вікторыі можа не вытрымаць сістэматычных катаванняў супраць яе.

Але пакуль жанчыны трымаюцца.

Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, умовы сталінскіх ГУЛАГагаў і фашысцкіх канцлагераў захаваны ў Беларусі ў поўным выглядзе. Таму ў будучыні адказаць за гэта павінен не толькі Лукашэнка, але і яго прыслужнікі розных рангаў.
2025-08-18 13:45