Беларускія ўлады парушаюць правы чалавека, караючы за журналістыку без акрэдытацыі
Гэта вырашыў КПЧ ААН, у тым ліку на прыкладзе бярозаўскай журналісткі
Апублікавана рашэнне КПЧ ААН, якое аб'яднала адразу некалькі спраў у адну. Тамара Шчапёткіна, журналістка з Бярозы, і яшчэ некалькі чалавек у розныя гады сутыкнуліся з пакараннямі за тое, што публікавалі матэрыялы, бралі інтэрв'ю або распаўсюджвалі інфармацыю праз інтэрнэт-платформы без афіцыйнага статусу журналіста.
Шчапёткіна і іншыя падалі індывідуальныя скаргі ў КПЧ ААН. У скарзе даводзілася, што такім чынам беларускія ўлады парушаюць права на свабоду слова (некаторыя скардзіліся і на парушэнне іншых правоў чалавека).
У выніку КПЧ ААН вырашыў аб'яднаць падобныя скаргі ў адну справу, і прыйшоў да высновы што ў дадзенай сітуацыі сапраўды мела месца парушэнне права на свабоду слова.
Пазіцыя беларускіх уладаў была ў тым, што права на свабоду слова можа абмяжоўвацца (што праўда). Але не змаглі даказаць, што ў дадзеных выпадках гэтае абмежаванне было прапарцыйным і неабходным (толькі пры такой умове можна абмяжоўваць правы чалавека).
Таму КПЧ ААН прыйшоў да высновы:
сапраўды парушана права на свабоду слова
журналісты мусяць атрымаць кампенсацыю (улады маюць вярнуць заплачаныя штрафы па сённяшнім курсе, як і ўсе выдаткі на юрыдычнае абскарджаванне гэтых штрафаў)
беларускія ўлады мусяць змяніць заканадаўства (Закон аб сродках масавай камунікацыі) і іншыя акты, каб падобных парушэнняў правоў чалавека больш не адбывалася
Сутыкнуліся з парушэннем правоў? Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна