У нядзелю 30 лістапада 2025 беларусы Варшавы выйшлі на традыцыйную акцыю салідарнасці з палітвязнямі Беларусі і салідарнасці з Украінай, якая можа стаць ахвярай расейскага агрэсара.
— Дыктатары вядуць сябе аднолькава, без сумлення і нахабна. Калі Украіна прайграе, то прайграе і Беларусь. Крыважэрны Пуцін не спыніцца на перамовах на яго карысць, Беларусь, якая трымаецца на тонкай нітачцы, канчаткова страціць сваю незалежнасць, — гаварыла ўдзельніца акцыі Святлана. Выступоўцы шмат гаварылі пра несправядлівыя ўмовы для перамоваў.
— Але галоўная тэматыка акцыі – гэта ўсё ж палітвязні, у якіх штодзённа каты Лукашэнкі аднімаюць здароўе. Выклікае шмат трывогі спынены акт вызвалення сотні палітвязняў на адкрыццё мяжы Польшчай, — заявіў арганізатар акцыі Васіль Плешкуноў.
Па словах былога палітвязня з Пружанаў Алега Кулешы, неабыякавыя беларусы замежжа не пакінуць плошчы ля помніка Каперніку ні ў якім разе, пакуль беларусы і наша Радзіма ў небяспецы: — Мы будзем выходзіць па нядзелях, каб цывілізаваны свет бачыў і чуў, што беларускі народ у цэнтры Еўропы, калісьці адной з наймагутнейшых краін Еўропы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, зараз у вялікай бядзе.