Днямі па арыентыроўках шукалі экс-кіраўніка ганцавіцкай міліцыі
Яго знайшлі, але шмат хто прыгадаў ягоныя «подзвігі» ў 2020-м
Былы начальнік Ганцавіцкага РАУС Віталь Куляшоў 17 верасня 2026 каля 13.00 самавольна пакінуў Баранавіцкі псіханевралагічны стацыянар. Гэта вынікала з абвесткі пошукава-ратавальнага цэнтра «Арыентыр». Куляшоў праходзіў лячэнне пасля адстаўкі з органаў унутраных спраў і пераезду на сталае пражыванне ў Баранавічы.
Падпалкоўнік Віталь Куляшоў «праславіўся» сваёй дзейнасцю ў 2020 годзе. Гэта яго падначалены душыў нагой затрыманага перад жнівеньскімі выбарамі 2020. Тады супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч наступіў мужчыне, якога паваліў на зямлю, на шыю каленам. Здымак гэтага бесчалавечнага ўчынка чалавека ў пагонах разыйшоўся па ўсёй Беларусі. І такі ўчынак застаўся беспакараным. Больш таго, начальнік РАУСа заступіўся за падначаленага і даў у судзе ілжыя сведчанні, пасля якіх пакаралі затрыманага. Многа чаго яшчэ злачыннага адбылося ў міліцэйскім ведамстве Ганцавічаў пад час мірных пратэстаў 2020 г. і не толькі, якое ўзначальваў ветэрынар па першай адукацыі падпалкоўнік Куляшоў з 2019 г.
Як бачым, карма дагнала міліцэйскага чына. Як пісаў русскі паэт А. Пушкін: «Уж лучше посох и сума, не дай мне Бог сойти с ума».