Іншыя артыкулы

Спачатку пазбавілі хаты, а цяпер праз суд пазбяўляюць прапіскі

Ціск на беларускую актывістку каментуе праваабаронца
Алена Янушкоўская. Фота: БАЖ
Актывістка, блогерка, сябра партыі БХД Алена Янушкоўская з Віцебшчыны 2 кастрычніка даведалася з тэлеграм-чата «Віцебск, я гуляю!» пра суд, які тычыўся яе. Суд быў прызначаны на 3 кастрычніка 2024. Новы гаспадар хаты Алены Янушкоўскай, якую ўлады прадалі праз аўкцыён ў пачатку чэрвеня 2024 года, Станіслаў Кадушкевіч звярнуўся ў суд Віцебскага раёна, каб Янушкоўскую выпісалі з хаты без прадстаўлення іншага жылля. Паводле спадарыні Алены, ў канцы верасня ў яе быў непрыняты тэлефонны званок з суда. Яна паспрабавала звязацца, але слухаўку з таго боку не ўзялі, тады жанчына напісала СМС, але адказу на яе не атрымала таксама. 3 кастрычніка Янушкоўская звярнулася са зваротам у суд, каб выслалі ёй заяву істца и паведаміла, што не пагаджаецца з патрабаваннем Кадушкевіча.

Нагадаем, што Алены Янушкоўская з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Потым яе хата ў вёсцы Суйкава Віцебскай вобласці была прададзена праз аўкцыён, арганізаваны ўладамі за запазычанасці ў суме 1436 рублёў. Гэта запазычанасці Янушкоўскай па штрафах за грамадскую дзейнасць, перабыванне ў ізалятары і невялічкія, крыху больш за 13 рублёў, — падаткавай. Хату прадалі за 18 511 рублёў. Сумы грошай пасля пагашэння доўгу не вернулі.
Беларускі праваабаронца Алег Мацкевіч
Паводле праваабаронцы «Вясны» Алега Мацкевіча, калі звяртацца да працэсуальна-выканаўчага кодэкса РБ аб адміністратыўных правапарушэннях, то ў дадатку ёсць пералік маёмасці, на якую не можа быць накладзены арышт. І сярод іншага там пазначана, што не можа быць накладзены арышт на адзінае памяшканне, у якім пражывае пастаянна сям'я, гэта за выключэннем выпадкаў, калі спаганяецца крэдыт альбо абцяжарана памяшканне іпатэкай. Магчыма, улады вырашылі, што Янушкоўская з 2021 года не пражывае ў хаце пастаянна, таму палічылі, што яе маёмасць з'яўляецца выключэннем з правіл. Таму на хату спачатку быў накладзены арышт, а потым яна была выстаўлена на продаж і прададзена праз аўкцыён. У гэтым выпадку дзяржава парушае права сваёй грамадзянкі на жыллё, якое задэкларавана ў 48 арт. Канстытуцыі РБ, дзе сказана, што грамадзяне РБ маюць права на жыллё і ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.

Алена Янушкоўская гаворыць, што сваё па сутнасці скрадзенае жыллё яна абавязкова верне, калі прыедзе на радзіму. Бо гэта адзіны яе набытак і адзінае жытло — хата ў вёсцы Суйкава, што ў трох кіламетрах ад Віцебска, у маляўнічым месцы, мілым яе сэрцу.
Made on
Tilda