Навіны

Беларусы Варшавы падпісалі заяву ў Брусэль

І асудзілі ўмовы, якія створаць для памілаваных
22 сакавіка 2026 ўдзельнікі акцыі салідарнасці ў Варшаве асудзілі рэпрэсіўныя ўмовы, на якіх 235 вызваленых палітвязняў пакінулі дома. Выступоўцы адзначылі парушэнні правоў чалавека, калі нельга ні кроку ўправа, ні кроку ўлева, адны забароны. Нагадаем, што напярэдадні актывісты ў сацсетках падзяліліся, што частку памілаваных праінфармавалі пра шэраг абмежаванняў, якія будуць дзейнічаць пасля «вызвалення». Пасядзець з сябрамі за келіхам віна — ні-ні. Пад час святаў ў каталажку. Пашпарты некаторым не аддалі, маўляў, згубіліся. Ні табе тэлефона, ні табе банкаўскай карты. Таму выступоўцы на варшаўскай акцыі заявілі, што палітычных з адной турмы адправілі у другую, толькі больш камфортную.
Заўвага ад праваабаронцаў: некаторыя з абмежаванняў грунтуюцца на заканадаўстве, некаторые — не. Напрыклад, немагчымасць займець сім-картку ды банкаўкі рахунак фактычна дзейнічае для ўсіх, хто трапляе ў беларускі «спіс тэрарыстаў». Гэта вынікае з таго, што трапіўшым у спіс забараняюцца банкаўскія аперацыі па законе. З памілаваных 19.03.2026 значная частка людзей знаходзяцца менавіта ў такім спісе.

Але вызваленне без адпаведнай даведкі, вызваленне без пашпарту, «прэвентыўныя затрыманні на святы» ні ў якім законе не прапісаныя.

Хаця пакуль няма дакладнай інфармацыі, якія дакладна абмежаванні распаўсюджваюцца на памілаваных 19.03.2026.
Арганізатар акцыі Васіль Плешкуноў заявіў, што Лукашэнка такім чынам яшчэ раз паказаў свой страх перад народам, таму пануюць над беларусамі драконаўскія ўмовы жыцця. І што не перажыў той, які «наеўся ўлады па горла», 2020-ты год, таму сілай выбівае з людзей гонар і годнасць, імкненне да свабоды і дэмакратыі, трымае ў страху, які лічыць за згоду.

Прысутныя на акцыі ўшанавалі памяць нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, павешанага расейцамі ў Вільнюсе 22 сакавіка 1864 года.

Таксама на акцыі прысутнымі была падпісана заява аб прызнанні Беларусі пад расейскай інтэрвенцыяй, якую вязе ў Брусэль каліновец Аляксандр Лахвіч.

Завяршылася акцыя агульным традыцыйным здымкам для гісторыі.
Made on
Tilda