У Берасці зладзілі выставу партрэтаў з серыі «V Z гляд»
Побач з малюнкамі Берасцейскай крэпасці
У Берасці «Рускі дом» 20 лютага 2026 адкрыў выставу, дзе прэзентаваліся малюнкі Ірыны Харкоўскай. Большая частка малюнкаў паходзіць з серыі пад красамоўнай назвай «V Z гляд» (такім чынам пра свае работы аўтарка пісала ў сацсетках). Саму выставу ў Берасці назвалі крыху менш правакатыўнай назвай «Лица героев» і прымеркавалі да дзвюх дат: «Дня защитника Отечества» ды «годовщины СВО».
На мерапрыместве выступалі берасцейскія шкаляры (як мы ідэнтыфікавалі, гэта музычны скрыпічны ансамбль гімназіі №4 горада Берасця).
На малюнках Харкоўскай можна заўважыць як характэрныя краявіды Берасцейскай крэпасці — так і выявы расейскіх вайскоўцаў, што бралі ўдзел у сучасных войнах Расеі супраць суседзяў.
Так, ёсць партрэт Аляксандра Белаглазава (рус. Александр Белоглазов). Кіраваў цэнтрам спецпрызначэння «Віцязь», з якім у 2022 годзе ўварваўся ва Ўкраіну. За гэта атрымаў «Героя Расейскай Федэрацыі». Жывы.
Таксама ёсць партрэт Вячаслава Вараб'ёва (рус. Вячеслав Воробьев). Удзельнік Другой расейска-чачэнскай вайны. За гэта атрымаў «Героя РФ». Пад час той вайны ў 2009 годзе атрымаў раненне, што дагэтуль перасоўваецца на інвалідным вазку. Браў удзел ва ўрачыстым прыёме Пуціна ў маскоўскім Крамлі напрыканцы 2022 года.
Ёсць сярод малюнкаў і тыя, дзе нельга ідэнтыфікаваць асобу — але і яны красамоўныя. Напрыклад, выявы салдата, ў якога спераду на форме велізарная літара «Z»:
Часткай адкрыцця выставы стала «акция "В единстве сила" », дзе прысутныя са стужачак зрабілі сцяг РФ. Сэнс акцыі, паводле арганізатараў — «отдать дань уважения бойцам, которые сражались и сражаются на фронте🇷🇺».
Нагадаем, што сетка «Рускіх дамоў» — гэта арганізацыі расейскага ўплыву і пашырэння расейскіх наратываў за мяжой.