Навіны

Адседзеў "содні" у берасцейскім ІЧУ, а за тамашняе харчаванне грошы спрабавалі спагнаць 2 разы

Мужчына пайшоў у суд, але ж развіццё гэтай гісторыі выйшла незвычайным


Берасцейскай «Вясне» стала вядома гісторыя Міхаіла, які ў красавіку 2021 года мусіў адcедзець содні ў Ленінскім ІЧУ Берасця. З пастановы абласнога суду вынікае наступнае.

Пакуль Міхаіл сядзеў у ІЧУ, з яго сям'і патрабавалі аплаціць харчаванне ў ізалятары (з аргументамі, маўляў, не заплаціце — перадачу не прымем). Сваякі заплацілі, перадачу аддалі, але ж... Пяць месяцаў апасля Ленінскі РАУС Берасця вырашыў спагнаць 174 рублі за харчаванне ў другі раз. РАУС атрымаў натарыяльны выканаўчы надпіс, які патрапіў у АПВ (адзел прымусовага выканання), і вось ужо з Міхаіла ізноў патрабуюць сплату "содняў". Міхаіл з такім пагаджацца не стаў, і звярнуўся ў суд. Скарга Міхаіла па частцы таго, што яму не трэба другі раз плаціць 174 рублі, была задаволеная 31 сакавіка 2022 года. Але ж Міхаіл патрабаваў ад суду больш (працытуем судовы дакумент):

«[Требую] отменить частное определение и вынести новое дополнив его информацией о незаконности получения предоплаты за питание; о незаконности понуждения лиц, передающих передачи к понуждению исполнять чужие обязательства по оплате питания в ИВС; о ложном информировании о том, что не оплата — основание для отказа в приеме и передаче вещей и продуктов содержащимся в ИВС гражданам; о недопустимости возлагать на себя обязательства отдела принудительного исполнения, а также обязать ОВД изготовить стенд с размещением на нём нормативно-правовых актов, определяющих порядок приёма передач, оплаты питания в ИВС и последствия их неоплаты в установленный срок».

Паколькі Ленінскі суд Берасця толькі адмяніў патрабаванне ў другі раз заплаціць за харчаванне на соднях (і не задаволіў астатнія патрабаванні), Міхаіл пайшоў у абласны суд. У верасні 2022 года ўжо Берасцейскі абласны суд у асобе суддзі Таццяны Ласковіч пастанавіў: раённы суд усё вырашыў правільна, скаргу Міхаіла пакідаем без задавальнення.

Адзначым, што па дадзеных берасцейскай «Вясны», праблема патрабавання аплаты "содняў" у абмен на прыманне перадач сустракалася і ў іншых ІЧУ вобласці. Прычым як у 2021, так і 2022 годзе. А часам для "палітычна" затрыманых перадачы адмаўляюцца прымаць увогуле — быццам бы такім арыштаваным перадачы «не положены».
Made on
Tilda