Навіны

Вобшукі па справе ЕГУ дайшлі і да Берасцейскай вобласці

Па інфармацыі Берасцейскай Вясны, ў чэрвені адбыліся вобшукі ў сваякоў студэнтаў ЕГУ і на Берасцейшчыне.

Нагадаем, што 14 красавіка 2026 стала вядома: Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) «экстрэмісцкім фармаваннем». Фармальнай падставай стала падазрэнне ў «дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі», хаця ўніверсітэт знаходзіцца ў Вільнюсе (Літва). З 2 чэрвеня па ўсёй краіне цягнуцца масавыя вобшукі ў межах узбуджанай крымінальнай справы за сувязі з вну. Сілавікі праводзяць вобшукі і пагражаюць крымінальным пераследам, каб прымусіць маладых людзей адмовіцца ад навучання.

І дзеянні сілавікоў ужо прынеслі вынікі: рэктар ЕГУ паведаміў, што пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкім» яго пакінулі каля 100 студэнтаў.
Нагадаем, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачванні ў «экстрэмізме» для цэнзуры ды пераследу за іншадумства.
Што мы бачым? Рэжыму кругом мрояцца ворагі, нават будучыя ворагі ў асобах моладзі, якая намерылася атрымаць еўрапейскую адукацыю. Хочацца задаць пытанне тым, хто задзейнічаны ў Беларусі ў кола рэпрэсій, дакуль? Дакуль вобшукі будуць нагодай для палітычнага ціску, а не для сапраўдных расследаванняў?

Але замест пераследвання сапраўдных злачынцаў, беларускія сілавікі ўзяліся за студэнтаў і іх блізкіх. І пагрозы сілавікоў грунтуюцца на рэальных артыкулах Крымінальнага кодэкса. Напрыклад, што тычыцца сваякоў: аплата навучання або любыя фінансавыя аперацыі могуць быць расцэненыя як «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-2 КК). А студэнтам могуць інкрымінаваць «навучанне для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-5 КК) або сам удзел у ёй (арт.361-1). Па ўсіх гэтых артыкулах можа пагражаць да некалькіх гадоў пазбаўлення волі. Вось што адбываецца, калі «экстрэмізмам» абвяшчаюць тое, што ім не з'яўляецца.

Што рабіць, калі сутыкнуліся з пераследам па палітычнай справе?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-06-08 21:21