Судовыя паседжанні

У Кобрыні судзяць рэзервістаў

Іллюстрацыйнае фота. Крыніца: pexels.com

У судзе Кобрынскага раёна судзяць двух гараджан: Вадзіма Казакевіча і Уладзіміра Бенчака па арт. 436 ч.1 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ваенаабавязанага ад яўкі на зборы).

Працэс па Уладзіміру Бенчаку вядзе суддзя Аляксей Кміта, дзяржаўны абвінаваўца — ст. памочнік пракурора Кобрыньскага раёна Аляксандр Шыкавецкі.

Як сказаў у судзе беспрацоўны 45-гадовы Уладзімір Бенчак 10 траўня 2022 года ён адмовіўся атрымліваць павестку ад валанцёраў Кобрыньскага ваенкамата, якія былі апранутыя ў цывільнае. Яны прыйшлі ля 21 часа, калі мужчына ўжо рыхтаваўся да сну, не прадставіліся і не паказалі свае дакументы. Таму 16 траўня на зборы Бенчак не з´явіўся. Прыкладна праз тыдзень ці болей прыйшлі да яго двое супрацоўнікаў ваенкамата і прынеслі павестку для разбору справы, чаму адмовіўся атрымліваць 10 траўня павестку на зборы. Як сказалі ў ваенкамаце, валанцёры былі не ад ваенкамата, а ад райвыканкама ці яшчэ аднекуль. Паводле Бенчака, ён не хаваўся, увесь час быў дома.

Паводле суддзі Аляксея Кміты, трэба было пазваніць у ваенны камісарыят на другі дзень. Але Уладзімір Бенчак гэтага не зрабіў, бо палічыў, што такое сур´ёзнае ведамства як Кобрыньскі ваенкамат, мог калі не прыслаць павестку праз сваіх супрацоўнікаў, то адправіць яе заказным лістом праз пошту.

Па рашэнні суддзі Аляксея Кміты, вырашана зрабіць перапынак у судзе да 5 жніўня, каб выклікаць і выслухаць сведкаў. Разгляд справы працягнецца 5 жніўня ў 14.30.

Другі абвінавачаны па арт. 346, ч. 1 Вадзім Казакевіч пакараны штрафам у 50 базавых велічынь.

* Пакаранне па арт. 346, ч.1 — штраф, альбо папраўчыя работы на тэрмін да 1 года, альбо арышт.
Made on
Tilda