Выданне «Intex-Press» паведамляе, што 1 кастрычніка 2022 года іх журналіста Юрыя Ганцарэвіча пачалі этапаваць з СІЗА ў папраўчую калонію №3 (Віцьба).
Юрыя летам асудзілі за зробленае ў сакавіку 2022 года фота. Згодна з абвінавачваннем, журналіст сфатаграфаваў расейскі ваенны самалёт ды даслаў яго ў чат-бот незалежнага выдання «Радыё Свабода». Гэтае было кваліфікавана як «садзейнічанне экстрэмісцкай дзеянасці» (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу).
У ліпені суд агучыў вырак: 2 гады 6 месяцаў калоніі. Вярхоўны суд пакінуў вырак без зменаў.