Затрыманы палескі журналіст-фрылансер Аляксандр Ігнацюк
Ён быў затрыманы прыкладна тры тыдні таму
Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», тры тыдні як затрыманы палескі журналіст-фрылансер, відэаблогер з Пінска Аляксандр Ігнацюк. Ён даўно жыў на адлюддзі на Палессі, таму аб ягоным затрыманні стала вядома выпадкова. Неабыякавыя занепакоіліся, што ён даўно не выходзіць на сувязь.
Апынулася, што Аляксандр змешчаны ў берасцейскае СІЗА-7. Па неправеранай інфармацыі, яму інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК).
Аляксандр Ігнацюк — журналіст-фрылансер з Пінска, уладальнік сайта і старонкі ў TikTok «Про Столин».
На Ігнацюка ўжо ціснула драгічынская міліцыя за асвятленне справы Сяргея Гардзіевіча ў Іванава, бо Гардзіевіч добры сябар Ігнацюка. Аляксандр лічыў, што ператрус у 2021 годзе мае асабісты матыў таму, што ён заяўляў пра доказы фальсіфікацыі справы супраць Гардзіевіча, якія ў яго ёсць.