— Я хачу падкрэсліць яшчэ раз незаконнасць як самога прысуду, так і дзейнасці органаў прымусовага выканання. Тым больш, што я накіроўваў скаргу на іх дзеянні і, у адпаведнасці з законам, яны павінны былі мне адказаць, а яны нават не адказалі. Ім не да закону: яны парушаюць усё, што толькі магчыма, пачынаючы ад самага пачатку гэтай крымінальнай справы, судовы працэс увесь незаконны, прысуд незаконны і, канешне, усе далейшыя дзеянні вось гэтых чыноўнікаў, якія спаганяюць з мяне гэты вялікі штраф. Я думаю, што ў дэмакратычным асяроддзі павінны быць створаны адпаведна законапраекты, якія стануць законамі пасля дэмакратызацыі Беларусі і прывядуць да станоўчых пазітыўных зменаў, да аднаўлення законнасці, справядлівасці і матэр'яльнай кампенсацыі ўсім тым, у каго незаконна забралі маёмасць, прадалі яе.
—Што вы такога для Беларусі зрабілі, што вас асудзілі завочна на 5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, якую вы зарабілі сваім мазалём?
— Гэта пераслед за маю грамадскую пазіцыю, за мае артыкулы. Найперш за маю дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій — усё ў суме, у комплексе, ну а фармальна была выбрана нагода, што мае артыкулы нейкія маюць экстрэмісцкі характар, хоць нідзе я не парушаў заканадаўства, усе мае артыкулы вытрыманы ў адпаведнасці з сённяшнім заканадаўствам, падкрэслю, РБ. Гэта адвольнае тлумачэнне КК, абсалютна высмактанае з пальца. Гэта звычайны палітычны пераслед за ўсю маю дзейнасць тых шматлікіх гадоў, калі я знаходжуся ў грамадскім сектары, ну і за маю публіцыстыку, таму што пэўныя мае артыкулы былі вострыя, хоць у іх не было ні абразы, ні парушэння ў іншых пунктах заканадаўства, тым не менш ацэнка маёй дзейнасці вельмі высокая цяперашнімі дзяржаўнымі органамі.