Пра людзей

«Ім не да закону»

Праваабаронца пра кватэру, якой яго прымусова пазбавілі беларускія ўлады
Уладзімір Хільмановіч
30 чэрвеня 2026 пры другой спробе ўдалося прадаць на аўкцыёне кватэру праваабаронцы і журналіста з Горадні Уладзіміра Хільмановіча. Не так даўно прадалі лецішча праваабаронцы, яшчэ раней прадалі мэблю і бытавую тэхніку.

За кватэру змагаліся ажно 9 (!) ахвотных на таннае жытло. Але гэта была кватэра не сапраўднага злачынцы, а кватэра законапаслухмянага грамадзяніна, разумнага і годнага беларуса. Мы абмеркавалі з Уладзімірам ягоную сітуацыю:
Я хачу падкрэсліць яшчэ раз незаконнасць як самога прысуду, так і дзейнасці органаў прымусовага выканання. Тым больш, што я накіроўваў скаргу на іх дзеянні і, у адпаведнасці з законам, яны павінны былі мне адказаць, а яны нават не адказалі. Ім не да закону: яны парушаюць усё, што толькі магчыма, пачынаючы ад самага пачатку гэтай крымінальнай справы, судовы працэс увесь незаконны, прысуд незаконны і, канешне, усе далейшыя дзеянні вось гэтых чыноўнікаў, якія спаганяюць з мяне гэты вялікі штраф. Я думаю, што ў дэмакратычным асяроддзі павінны быць створаны адпаведна законапраекты, якія стануць законамі пасля дэмакратызацыі Беларусі і прывядуць да станоўчых пазітыўных зменаў, да аднаўлення законнасці, справядлівасці і матэр'яльнай кампенсацыі ўсім тым, у каго незаконна забралі маёмасць, прадалі яе.

—Што вы такога для Беларусі зрабілі, што вас асудзілі завочна на 5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, якую вы зарабілі сваім мазалём?

Гэта пераслед за маю грамадскую пазіцыю, за мае артыкулы. Найперш за маю дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій усё ў суме, у комплексе, ну а фармальна была выбрана нагода, што мае артыкулы нейкія маюць экстрэмісцкі характар, хоць нідзе я не парушаў заканадаўства, усе мае артыкулы вытрыманы ў адпаведнасці з сённяшнім заканадаўствам, падкрэслю, РБ. Гэта адвольнае тлумачэнне КК, абсалютна высмактанае з пальца. Гэта звычайны палітычны пераслед за ўсю маю дзейнасць тых шматлікіх гадоў, калі я знаходжуся ў грамадскім сектары, ну і за маю публіцыстыку, таму што пэўныя мае артыкулы былі вострыя, хоць у іх не было ні абразы, ні парушэння ў іншых пунктах заканадаўства, тым не менш ацэнка маёй дзейнасці вельмі высокая цяперашнімі дзяржаўнымі органамі.
Хочацца звярнуцца да аматараў пагрэць рукі на чужым няшчасці: як вы будзеце пачуваць сябе ў незаконна адабранай кватэры? Так, вядома, вы скарысталіся сітуацыяй, душа ваша радуецца ад вельмі выгаднай пакупкі. Але няўжо потым не закрадзецца калі-нікалі думка, што тут жыла чужая сям'я, тут чуўся радасны смех траіх дзяцей гаспадара гэтай кватэры, тут ён з жонкай дружна пражывалі гады свайго сужонства. І гэтага іх незаконна пазбавілі. Паняволі ўспомняцца словы Бібліі: «Не квапся на дом бліжняга свайго, ані вала яго, ані нічога, што да яго належыць».

Нагадаем, што Уладзімір Хільмановіч беларускі праваабаронца, журналіст, гісторык і краязнаўца з Горадні быў асуджаны завочна да 5 гадоў калоніі і велізарнага штрафу памерам 1000 базавых велічынь.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda