Пра людзей

На палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк узмацнілі псіхалагічны ціск

Як паведаміў муж Паліны Андрэй Шарэнда, Паліна да гэтага часу з лістапада 2021 года знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) папраўчай Гомельскай калоніі №4, дзе начальнікам з'яўляецца Дзяніс Таўстянкоў. Раз на дзень Паліну выводзяць на прагулку ў клетцы 2 на 3 метры.


Зараз Паліну застаўляюць прайсці медычны агляд для частковага пазбаўлення бацькоўскіх правоў (яна адмаўляецца). Паколькі ўлада лічыць, што палітзняволеная не можа клапаціцца пра сваіх дзяцей.

Хаця гэта не так, — гаворыць Андрэй Шарэнда. — Паліна рэгулярна, як толькі можна, піша пісьмы дзецям, дзеці ёй адказваюць. Апекуюцца над дзецьмі бацькі Паліны і Андрэя.
Сям'я Шарэндаў

Яшчэ ўлада вырашыла, што патрэбна з Паліны збіраць нейкія грошы на падаткі, паколькі ні яна, ні муж, які знаходзіцца за межамі Беларусі, не сплачваюць падаткі.

Паводле Андрэя, нягледзячы на новы від ціску праз дзяцей, Паліна трымаецца бадзёра і ў пісьмах і тэлеграмах стараецца нават жартаваць. Хаця са здароўем мае праблемы.

У Паліны хвароба — сіндром Жыльбера. Патрэбна рэгулярна прапіваць лекі. Два месяцы таму родныя накіравалі ёй пасылку з медыкаментамі, але да гэтага часу яе не аддалі, спасылаючыся на тое, што вязням ПКТ пасылкі не паложаны.#nbsp


На скаргу, што не аддаюць лекі, родныя атрымалі адпіску: рэгулярна атрымлівае кансультацыю медыкаў, якія лічаць, што для Шарэнды-Панасюк ніякіх дадатковых лекаў не патрэбна. Хаця лекі дасланыя з рэцэптамі і афіцыйным заключэннем яе хваробы.

Інакш як катаваннем такое абыходжанне са зняволенымі нельга назваць. Са станоўчага можна адзначыць тое, што толькі нядаўна Паліне дазволілі на 30 рублёў адзін раз у месяц купіць сродкі асабістай гігіены. Хаця нават на мінімальны набор гэтых грошай мала, лічыць Андрэй Шарэнда.

Як стала вядома з інтэрв’ю нядаўна вызваленай палітзняволенай Наталлі Херше, наконт катаванняў у Гомельскай папраўчай калоніі №4 Наталля будзе звяртацца ў Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Made on
Tilda