Навіны

Акцыя салідарнасці беларусаў у Варшаве

У першы дзень вясны беларусы Варшавы выйшлі на сваю традыцыйную нядзельную акцыю — дэманстрацыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, Украінай і ўсімі тымі прыгнечанымі народамі, якія прагнуць дэмакратыі і свабоды. Выйшлі таксама, каб асудзіць дыктатарскія рэжымы, якія нясуць гвалт, здзекі і смерць, кажа аганізатар акцыі, сябра грамадскага аб'яднання «Акцыі беларусаў Варшавы» і Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіль Плешкуноў. Лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык нагадаў прысутным пра гадавіну смерці вядомага апазіцыянера ігара Ледніка, якога давялі да смерці ў калоніі. Ён аб'явіў хвіліну маўчання па ўсіх забітых рэжымам ахвярах.

Выступіла удзельніца беларускага пункта нязломнасці ў Кіеве Таццяна Астроўская. Яна расказала пра дапамогу ўкраінцам беларусамі. Пра тое, што такім чынам мы дапамагаем не толькі выстаяць украінцам, але і сабе, мы за сваю свабоду змагаемся цяпер там.

Прысутныя таксама выказалі салідарнасць народу Ірана, які зараз атрымаў шанец стаць свабодным. Вельмі ўдзячны беларусы паляку Гжэгажу Анташэўскаму, капітану рэзерву Войска Польскага, які кожную нядзелю прыходзіць на акцыю, каб падтрымаць беларусаў у іх памкненні да волі і дэмакратыі.

Скончылася акцыя агульным здымкам на памяць і прыватнымі размовамі беларусаў між сабой. Бо многія прыходзяць менавіта, каб убачыцца са сваімі, пагутарыць на сваёй мове, падзяліцца думкамі і падтрымаць адзін аднаго, кажа берасцеец Аляксей.
2026-03-03 16:00