Навіны

Бярозаўская міліцыя заклікае актывіста вярнуцца дадому

Юрый Шавель у судзе Бярозаўскага раёну
Як стала вядома ад бярозаўскага грамадскага актывіста Юрыя Шавеля, які актыўна ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, да яго дадому ў вёску, дзе жыве жонка, прыходзіў супрацоўнік крымінальнага вышуку Бярозаўскага РАУС Дзмітрый Якубчык з напарнікам. Мэтай іх візіту была агітацыя па вяртанні дадому «беглага» яе мужа праз камісію па вяртанню. Ва ўсіх радужных фарбах яны малявалі, як гэта будзе правільна і добра. Намалявалі ёй усе перавагі жыцця ў Беларусі ў параўнанні з чужынай. Бедная жанчына, далёкая ад палітыкі, якую не раз турбавалі міліцыянты праз вобшукі, паведаміла, што яе муж працуе за мяжой, але іх просьбу паабяцала перадаць.

У Бярозе апошні год ціха, няма каго затрымліваць. Вось распачалі асабліва заўзятыя міліцыянты агітаваць за вяртанне «беглых». Відаць, зорачку на пагоны хочацца. А заганяць за краты палітычных — гэта самы кароткі шлях да павышэння, як паказаў кар'ерны рост былога начальніка інспекцыі па рабоце з непаўнагадовымі Дзмітрыя Лішко. Ён выявіў высокую актыўнасць ў барацьбе з праціўнікамі рэжыму ў Бярозаўскім раёне, цяпер атрымаў «хлебную» пасаду — начальніка Бярозаўскага раённага ДАІ.
Made on
Tilda