Навіны

Следчы тлумачыў усё загадамі зверху

Як на жыхара Лунінца назбіралі артыкулаў на 7 гадоў калоніі
Аляксандр Паліўка. Фота: Радыё Рацыя
4 сакавіка 2024 жыхар Лунінца Аляксандр Паліўка быў асуджаны Берасцейскім абласным судом па 5 артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: ч.3 арт 361(Заклікі да санкцый, прынясення шкоды Беларусі), ч.3 арт.361-1 (Удзел ў экстрэмісцкім фармаванні), арт.369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч.1 арт.368 (Абраза А.Лукашэнкі), ч.2 арт 367 (паклёп у адносінах да Лукашэнкі). Па гэтых пяці артыкулах Паліўку далі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма. Які тэрмін запрасіла пракурорка, такі прысуд агучыла суддзя Святлана Крамянеўская.

Па нашай інфармацыі, першапачаткова мужчыну затрымалі па двух артыкулах, астатнія былі «давешаны» ў працэсе расследавання, «бо так сказалі», як двойчы прагаварыўся следчы на словы Паліўка, навошта вы мне «вешаеце» усё новыя і новыя артыкулы. Калі на словы следчага, навошта ты напісаў каментар на памерлага міліцыянта, Паліўка сказаў, што быў, можа, выпіўшы, — следчы ў пратаколе напісаў «Быў п'яны». На заўтра ва ўсіх папярэдніх пратаколах было дапісана, «быў п'яны», што ацяжарвае справу. На пратэст Паліўка следчы зноў паўтарыў фразу «так сказалі». Хто аддаваў такія загады следчаму, Паліўка не атрымаў адказу. Хаця, як сцвярджае наша крыніца, ўсе ў Лунінцы ведаюць, што Аляксандр навогул не п'е.


Аляксандр, як кажуць яго знаёмыя, не быў актывістам, не ўдзельнічаў у акцыях, быў законапаслухмяным грамадзянінам, які жадаў сваёй сям'і лепшага жыцця. Таму, канешне, быў за перамены і казаў пра гэта. Кіраўніцтва «параіла» ў 2021 годзе з добрага месцы працы — з аэрадрома ў Лунінцы — сысці. Уладкаваўся на працу на прадпрыемства «Вікторыя» па вытворчасці патэльняў. Па прычыне малога заробку памяняў месца працы — уладкаваўся страхаром у Менску вахтавым метадам. Паспеў папрацаваць 4 дні. Па дарозе дамоў быў затрыманы ГуБАЗікам.

Цяпер у сям'і Паліўка на доўгіх 7 гадоў засталося без бацькі двое непаўнагадовых (10 і 3 гады) дзяцей. Наогул, Аляксандра Паліўка ў Лунінцы ведаюць як сумленнага, годнага чалавека і добрага сем'яніна.
Made on
Tilda