Іншыя артыкулы

Беларусы пра суд над праваабаронцамі «Вясны»

Меркаванні беларусаў як унутры краіны, так і за мяжою
Злева Уладзь Лабковіч, зверху Алесь Бяляцкі, справа Валянцін Стэфановіч. Калаж: берасцейская «Вясна». Выкарастаны фотаздымкі sb.by
5 студзеня 2023 года пачаўся суд на праваабаронцамі «Вясны». За кратамі яны з ліпеня 2021 года. Іх абвінавачваюць па ч.4 арт.228 (Кантрабанда арганізаванай групай) і ч.2 арт.342 Крымінальнага кодэкса (Фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

На лаве падсудных лаўрэат Нобелеўскай прэміі, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. На сайце праваабарончага цэнтра падрабязна апісваецца кожны дзень суда. Дарэчы, дзяржаўная «Савецкая Беларусь» у асобе Алены Красоўскай, якая калісьці сябе называла праваабаронцай, з такім жа пастаянствам асвятляе працэс у манеры, вартай звання «прапагандыста году».

Мы звярнуліся да беларусаў Варшавы і беларусаў, якія пражываюць унутры Беларусі, каб даведацца, што яны думаюць і што ведаюць пра суд над праваабаронцамі. Апынулася, што беларусы Варшавы ведаюць больш, чым мясцовыя жыхары:

Алена (Варшава):
Абуральная з'ява — суд над праваабаронцамі «Вясны». Гэта немагчыма нават уявіць, каб у еўрапейскай краіне судзілі лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Алеся Бяляцкага паважае весь цывілізаваны свет. Кім тады можна лічыць цяперашняе кіраўніцтва Беларусі?

Мікалай (Варшава):
— Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі і яго намеснікі Стэфановіч і Лабковіч — справа абсалютна сфальсіфікаваная, як і іншыя справы, якія ідуць у Беларусі над палітвязнямі. Большасці там няма за што судзіць, цалкам сфальсіфікаваныя справы.

Таццяна (Беларусь):
— Пра ўсіх чытаю, пра ўсіх ведаю, хаця я з імі не знаёма. Канешне, фарс, ну што тут можна казаць. Ведаеце, мне цяжка гаварыць, бо ў нас асабіста хутка суд над сынам па палітычных матывах.

Іх абвінавачваюць у кантрабандзе арганізаванай групай і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Вы верыце гэтым абвінавачванням?

Таццяна (Варшава):
— Канешне не. Гэта ўсё не ёсць на самой справе. Калі мяняюць абвінавачванне і падводзяць да спраў, за якія можна даць большы тэрмін, то гэтыя фальсіфікацыі выглядаюць як помста за іх працу.

Уладзімір (Беларусь):
— Я ведаю пра гэты чарговы брудны спектакль. Бо цікаўлюся незалежнымі медыя. Шкада, што ў разумных, актыўных грамадзян адымаюць здароўе. І не вераць у віну тыя, каму дапамагала «Вясна» юрыдычна, псіхалагічна, каму праваабаронцы дапамагалі шукаць сваіх арыштаваных родных у жніўні 2020 года.

Зміцер (Варшава):
— Гэта жудасна. Гэта жудасна і над праваабаронцамі, і над астатнімі людзьмі, хто сядзіць, і хто з'ехаў, і хто застаўся там. І такіх выпадкаў дужа цяпер. Але ж яшчэ ёсць выпадкі з айцісферай, з вымагальніцтвам грошай на ўласныя патрэбы. Такога рабавання яшчэ не было.

Мікіта (Беларусь):
— Сачу за судамі з розных бакоў. Як з незалежных крыніц, так і з дзяржаўных. Яны судзяць усіх тых, хто гаворыць праўду, хто выступіў супраць дыктатара.

Вольга (Беларусь):
— Няма калі сачыць за навінамі, трэба зарабляць хлеб надзённы. Я «Саўбелку» даўно не чытаю. А незалежныя баюся, бо ў любы момант могуць праверыць тэлефон і апынешся ў каталажцы.

Яшчэ 4 апытаныя рэспандэнты з Беларусі не ведаюць, што ідзе суд над праваабаронцамі. Беларусы Варшавы ведаюць пра чарговае «крымінальнае шоў» усе, каго спыталі, а гэта каля 10 чалавек.
Made on
Tilda